У студзені 2026 года калекцыя Музея Вольнай Беларусі папоўнілася ўнікальнымі артэфактамі. Былая палітзняволеная і актывістка Паліна Шарэнда-Панасюк перадала ў Музей арыгінальныя бюлетэні з прэзідэнцкіх выбараў 2020 года. Беларускія ўлады спрабавалі спаліць дакументы ў адной з берасцейскіх качагарак 10-11 жніўня, адразу пасля выбараў, парушаючы ўсе магчымыя законы і правілы.
Берасцейскія актывісты здолелі выцягнуць бюлетэні з агню і перадалі іх Паліне Шарэндзе-Панасюк. Падчас турэмнага зняволення актывісткі паперы заставаліся схаванымі на тэрыторыі Беларусі. Толькі пасля яе выезду за мяжу ўдалося вывезці ў Варшаву. 20 бюлетэняў сталі новымі экспанатамі Музея Вольнай Беларусі.
На іх выразна бачныя як подпісы членаў выбарчых камісій – што сведчаць пра аўтэнтычнасць дакументаў – так і сляды агню. Гэтыя бюлетэні з’яўляюцца прамымі сведчаннямі фальсіфікацый выбараў і маштабнага падману беларускага народа ў адзін з ключавых момантаў найноўшай гісторыі краіны, калі менавіта праўда мела вырашальнае значэнне і змяняла наша жыццё.
Амаль знішчаныя, але выратаваныя бюлетэні – гэта не толькі важны гістарычны аб’ект калектыўнай памяці, але і патэнцыйны юрыдычны доказ злачынстваў беларускага рэжыму для незалежных прававых працэсаў у будучыні.
«Для нас гэта не толькі палітычна значныя прадметы. Для нас, як музейнай установы, яны найперш значныя культурніцка. Гэта моцны гістарычны дакумент і артэфакт», – гаворыць працаўнік Музею Вольнай Беларусі.
Поўная размова з прадстаўніком музею - у далучаным гукавым файле.
слухайце аўдыё
ав
фота: Музей Вольнай Беларусі