Беларуская Служба

У Беларусі могуць дазволіць выкарыстоўваць музыку на тэлебачанні без згоды аўтараў

12.02.2026 18:02
Гэта пры ўмове абавязковай выплаты справядлівага ўзнагароджання аўтарам або іншым праваўладальнікам музычнага твора.
   .
Здымак мае ілюстрацыйны характар. stux/pixabay.com/CC0 Public Doma

У Беларусі плануюць дазволіць тэлевізійным каналам выкарыстоўваць музычныя творы без папярэдняй згоды аўтараў або праваўладальнікаў у асобных тэлеперадачах з абавязковага агульнадаступнага пакета. Адпаведная норма прадугледжаная праектам закона «Аб змяненні законаў па пытаннях прававой аховы аб’ектаў інтэлектуальнай уласнасці», які дэпутаты прынялі ў першым чытанні, паведамляе «Белсат».

Паводле намесніка старшыні Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў па адукацыі, культуры і навуцы Вячаслава Даніловіча, гаворка ідзе пра магчымасць свабоднага выкарыстання музычных твораў пры ўмове абавязковай выплаты справядлівага ўзнагароджання аўтарам або іншым праваўладальнікам. Механізм разліку і выплаты гэтага ўзнагароджання пакуль не ўдакладняецца.

Паводле слоў дэпутата, прапанова новаўвядзенняў звязаная са спецыфікай тэлевізійнай вытворчасці, калі згоду праваўладальнікаў на выкарыстанне музыкі неабходна атрымаць аператыўна, але далёка не заўсёды гэта магчыма. Пры гэтым, як падкрэсліў Даніловіч, змены павінны забяспечыць баланс інтарэсаў грамадства і праваўладальнікаў.

Акрамя таго, дакумент удакладняе асобныя тэрміны і тэрмін дзеяння выключнага права на творы навукі, літаратуры і мастацтва – на працягу жыцця аўтара і 70 гадоў пасля яго смерці. Праект закона будзе дапрацоўвацца да другога чытання з удзелам рабочых груп.

Нагадаем, што нядаўна разгарэўся скандал вакол песні «Малітва», напісанай Алегам Моўчанам на словы Янкі Купалы. Удава кампазітара Алега Моўчана, Ірына Відава, катэгарычна забараніла публічнае выкананне музычнай спадчыны свайго мужа пасля канцэрта да 85-годдзя Уладзіміра Мулявіна. Абурэнне праваўладальніцы выклікала выкананне знакамітай «Малітвы» Пятром Ялфімавым, пасля чаго яна запатрабавала выдаліць усе запісы гэтага нумара з інтэрнэту.

Юрыдычна Відава мае поўнае права на падобныя забароны, што пацверджана судовымі працэсамі яшчэ 12-гадовай даўніны. Цяпер для любога выкарыстання твораў Моўчана патрабуецца яе асабістая пісьмовая згода, нягледзячы на тое, што «Малітва» з’яўляецца адным з нацыянальных сімвалаў і важным элементам гісторыі ансамбля «Песняры».

аз

Нацыянальны музей прадстаўляе адзіную карціну Вінцэнта ван Гога ў польскай калекцыі

04.02.2026 11:52
Карціна Вінцэнта ван Гога «Вясковыя хаты сярод дрэў» будзе выстаўлена на працягу аднаго года. Пейзаж – адзіная карціна галандскага майстра ў польскіх калекцыях.