Пытанні дапамогі беларускім палітычным зняволеным, вызваленым і дэпартаваным на тэрыторыю Польшчы абмяркоўваліся падчас сустрэчы намесніка кіраўніцы Аб’яднанага Пераходнага Кабінета, кіраўніка НАУ Паўла Латушкі з віцэ-прэзідэнтам Беластока Марэкам Масальскім.
Павел Латушка падзякаваў кіраўніцтву горада Беластока за падтрымку, аказаную ў выглядзе прадастаўлення дзвюх кватэр з фонду сацыяльнага жылля для вызваленых беларускіх палітычных зняволеных. Хадайніцтва аб вылучэнні якіх накіроўвалася ў тым ліку ад імя Паўла Латушкі як намесніка кіраўніцы Аб’яднанага Пераходнага Кабінета.
Падчас сустрэчы былі абмеркаваны пытанні магчымага прадастаўлення часовага пражывання для новых груп палітычных зняволеных з мэтай аптымізацыі выдаткаў на пражыванне, калі ў найбліжэйшы час адбудзецца іх вызваленне і Лукашэнка пойдзе на крайнюю меру — дэпартацыю беларусаў на тэрыторыю Польшчы.
Павел Латушка адзначыў, што да моманту атрымання статусу міжнароднай абароны, на жаль, вызваленыя палітычныя зняволеныя не маюць права доступу да рынку працы, што выклікае неабходнасць несці значныя выдаткі па іх пражыванні і забеспячэнні іншай неабходнай дапамогай.
Падчас візіту Паўла Латушкі ў Беласток таксама адбылася размова з прадстаўніком сейміка Падляшскага ваяводства Ігарам Лукашуком, у ходзе якой абмяркоўвалася магчымае садзейнічанне з боку ўладаў ваяводства ў вырашэнні прадстаўленых вышэй пытанняў.
Павел Латушка і Марэк Масальскі таксама абмеркавалі пытанні падтрымкі беларускай меншасці ў Польшчы, якая пражывае ў горадзе Беластоку. Намеснік кіраўніцы АПК падзякаваў кіраўніцтву горада за падтрымку беларускай меншасці і фінансавую дапамогу ў арганізацыі гала-канцэрта XXXIII Агульнапольскага фестывалю «Беларуская песня-2026».
Крыніца: Аб’яднаны Пераходны Кабінет Беларусі/юл