Беларуская Служба

Журналіст Павел Дабравольскі асуджаны на 9 гадоў пазбаўлення волі

09.03.2026 10:30
35-гадовы журналіст быў затрыманы ў Мінску 22 студзеня 2025 года і абвінавачаны ў «здрадзе дзяржаве».
Павел ДабравольскіФота: інстаграм-акаўнт Паўла Дабравольскага

Журналіст Павел Дабравольскі асуджаны на 9 гадоў пазбаўлення волі з утрыманнем у папраўчай калоніі ва ўмовах строгага рэжыму. Рашэнне вынес 6 сакавіка Мінскі гарадскі суд па выніках закрытага працэсу, паведамляе «Позірк».

Дабравольскі быў затрыманы ў Мінску 22 студзеня 2025 года і абвінавачаны ў «здрадзе дзяржаве» (арт. 356 КК).
Паводле наяўнай інфармацыі, абвінавачанне было звязана з прафесійнай дзейнасцю журналіста падчас масавых акцый пратэсту супраць фальсіфікацыі вынікаў прэзідэнцкіх выбараў 2020 года.

Дабравольскі раней працаваў як на беларускія, так і на замежныя СМІ. Яго апошняе месца працы ў Беларусі – незалежная інфармацыйная кампанія БелаПАН, частка супрацоўнікаў якой у лістападзе 2021 года, напярэдадні яе 30-годдзя, рашэннем КДБ была прызнана «экстрэмісцкім фарміраваннем».

30 кастрычніка 2020 года журналіст быў затрыманы ў сваёй кватэры і затым арыштаваны на 15 сутак.

Паводле адкрытай інфармацыі ў акаўнтах Дабравольскага ў сацыяльных сетках, пасля ад’езду з Беларусі ў канцы 2021 года ён падарожнічаў па розных краінах, у тым ліку Ірану і Расіі, быў у Паўднёвай Амерыцы, дзе пацярпеў ад нападу рабаўнікоў. У кастрычніку 2024 года вярнуўся ў Мінск.

Акаўнт журналіста ў «Тэлеграме» актываваўся пасля яго арышту мінімум тройчы – 11 сакавіка, 18 і 26 красавіка. Цяпер акаўнта ў месенджары няма.

Паводле звестак Беларускай асацыяцыі журналістаў, у няволі ўтрымліваецца не менш за 28 супрацоўнікаў айчынных СМІ.

аз

З 2020 года каля 2 тыс. жанчын асуджана па палітычных крымінальных справах

08.03.2026 16:00
Не менш за 15 жанчын маюць у месцах пазбаўлення свабоды сур’ёзныя праблемы са здароўем.