Журналіст Павел Дабравольскі асуджаны на 9 гадоў пазбаўлення волі з утрыманнем у папраўчай калоніі ва ўмовах строгага рэжыму. Рашэнне вынес 6 сакавіка Мінскі гарадскі суд па выніках закрытага працэсу, паведамляе «Позірк».
Дабравольскі быў затрыманы ў Мінску 22 студзеня 2025 года і абвінавачаны ў «здрадзе дзяржаве» (арт. 356 КК).
Паводле наяўнай інфармацыі, абвінавачанне было звязана з прафесійнай дзейнасцю журналіста падчас масавых акцый пратэсту супраць фальсіфікацыі вынікаў прэзідэнцкіх выбараў 2020 года.
Дабравольскі раней працаваў як на беларускія, так і на замежныя СМІ. Яго апошняе месца працы ў Беларусі – незалежная інфармацыйная кампанія БелаПАН, частка супрацоўнікаў якой у лістападзе 2021 года, напярэдадні яе 30-годдзя, рашэннем КДБ была прызнана «экстрэмісцкім фарміраваннем».
30 кастрычніка 2020 года журналіст быў затрыманы ў сваёй кватэры і затым арыштаваны на 15 сутак.
Паводле адкрытай інфармацыі ў акаўнтах Дабравольскага ў сацыяльных сетках, пасля ад’езду з Беларусі ў канцы 2021 года ён падарожнічаў па розных краінах, у тым ліку Ірану і Расіі, быў у Паўднёвай Амерыцы, дзе пацярпеў ад нападу рабаўнікоў. У кастрычніку 2024 года вярнуўся ў Мінск.
Акаўнт журналіста ў «Тэлеграме» актываваўся пасля яго арышту мінімум тройчы – 11 сакавіка, 18 і 26 красавіка. Цяпер акаўнта ў месенджары няма.
Паводле звестак Беларускай асацыяцыі журналістаў, у няволі ўтрымліваецца не менш за 28 супрацоўнікаў айчынных СМІ.
аз