Беларуская Служба

Зона без правілаў. Як у беларускіх калоніях сістэмна ігнаруюць патрабаванні аховы працы

24.03.2026 12:01
Ахова працы зняволеных адыходзіць на другі план перад вытворчымі і фінансавымі інтарэсамі дзяржавы, як наймальніка, кажуць праваабаронцы.
Ілюстрацыйнае фотаpatrick489/pixabay.com/CC0 Public Domain

Папраўчыя калоніі ў Беларусі даўно перасталі быць толькі месцамі ізаляцыі — яны ператварыліся ў закрытую вытворчую сістэму, дзе праца зняволеных фактычна адбываецца па-за межамі базавых працоўных правоў і кантролю. Нягледзячы на наяўнасць заканадаўчых гарантый, у рэальнасці ахова працы за кратамі застаецца фармальнасцю, а бяспека і здароўе людзей — другаснымі ў параўнанні з эканамічнымі інтарэсамі дзяржавы, канстатуе праваабаронца «Вясны» Алег Мацкевіч, які на падставе сведчанняў былых палітзняволеных з розных калоній Беларусі правёў даследванне пра ахову працы ў няволі.

— Практычна поўная адсутнасць механізмаў кантролю за выкананнем патрабаванняў па ахове працы ўнутры пенітэнцыярнай сістэмы з’яўляецца яшчэ адным «дамоклавым мячом», які нясе пагрозу жыццю і здароўю зняволеных. Работнікі за кратамі не маюць доступу да незалежных інспекцый і практычна пазбаўленыя эфектыўных сродкаў абскарджання парушэнняў, — робіць выснову Алег Мацкевіч.

Самі ўлады прызнаюць, адзначае праваабаронца, што справы з аховай працы знаходзяцца ў кепскім стане і ў цывільным сектары эканомікі, а ў апошнія гады становішча толькі пагоршылася. Высокі ўзровень траўматызму, рост смяротнасці, грэблівае стаўленне да выканання патрабаванняў бяспекі — праблемы, якія распаўсюджаныя па ўсіх вытворчасцях краіны.

Сістэмныя правалы дзяржаўнай мадэлі кантролю за аховай працы ў папраўчых калоніях праяўляюцца ў закрытасці сістэмы і адсутнасці празрыстай справаздачнасці пра вытворчы траўматызм. У адрозненне ад звычайных прадпрыемстваў турэмныя вытворчасці недаступныя для незалежнага маніторынгу.

Праблему паглыбляе небяспечны характар саміх вытворчасцяў — ад метала і дрэваапрацоўкі да працы са станкамі і электраабсталяваннем — пры адсутнасці эфектыўных механізмаў абскарджання.

Супастаўленне заканадаўчых гарантый з існуючай практыкай паказвае, што гаворка ідзе не пра асобныя парушэнні, а пра сістэмную мадэль, у якой ахова працы зняволеных адыходзіць на другі план перад вытворчымі і фінансавымі інтарэсамі дзяржавы як наймальніка.

аз

Іна Кардаш, якую ў Кіеве падазраюць у шпіянажы на КДБ, паскардзілася на здароўе, але яе арышт падоўжылі

23.03.2026 10:01
Справу, якую завялі супраць беларускі 16 ліпеня 2025 года, расследуе Галоўнае следчае ўпраўленне Службы бяспекі Украіны.