Сусветная лёгкаатлетычная асацыяцыя (World Athletics) адмовілася здымаць забарону на ўдзел беларускіх спартоўцаў у міжнародных спаборніцтвах пад нацыянальным сцягам. Пра гэта паведамляе BBC Sport.
Напярэдадні выканаўчы камітэт Міжнароднага алімпійскага камітэта заклікаў міжнародныя федэрацыі вярнуць Беларусь да спаборніцтваў, пакінуўшы пры гэтым абмежаванні для Расіі. У МАК адзначылі, што Нацыянальны алімпійскі камітэт Беларусі «мае добрую рэпутацыю» і выконвае Алімпійскую хартыю.
Аднак World Athletics заняла іншую пазіцыю.
— Санкцыі, уведзеныя ў сакавіку 2022 года супраць беларускіх і расійскіх спартоўцаў, афіцыйных асоб і дапаможнага персаналу, застаюцца ў сіле, — заявілі ў арганізацыі.
Там дадалі, што перагледзець рашэнне могуць толькі ў выпадку «рэальнага прагрэсу ў мірных перамовах» адносна вайны ва Украіне. Нацыянальны алімпійскі камітэт Беларусі ўжо падтрымаў пазіцыю МАК.
reform.news/эж