Беларуская Служба

Памёр бубнач Андрэй Філатаў — музыка рок-гуртоў «Сузор’е», Mojo Blues, «Крама»

24.05.2026 11:33
Некалькі дзён таму ў творцы здарыўся інсульт.
 .
Андрэй Філатаў. Фота: Вікіпедыя

23 траўня пайшоў з жыцця Андрэй «Філ» Філатаў — удзельнік рок-гуртоў «Сузор’е», Zindan, Mojo Blues, «Крама» — паведамляе Reform.news.

Як адзначаюць яго сябры, некалькі дзён таму ў творцы здарыўся інсульт. Яго не стала ў суботу раніцай. Музыканту быў 71 год.

Андрэй Філатаў нарадзіўся ў Мінску ў 1954 годзе. Скончыў фізічны факультэт БДУ. На сцэне з 1977 года, калі дэбютаваў у гурце «Сузор’е». Суаўтар хіта «Сузор’я» «Весенний день». Далучыўся да гурта Zindan у 1991-м. У 1999 годзе стаў удзельнікам «Mojo Blues», праз год увайшоў у «Краму».

З сярэдзіны 1990-х да 2003 года быў гукарэжысёрам мінскага «Стар-клубу», выступаў як вядучы фестываля «Блюз жыве ў Мінску». Уладальнік галоўнага прызу фестывалю імя Р. Рыдла ў Тыхах (Польшча) у 2003 годзе.

Андрэй Філатаў вёў свой канал на YouTube, дзе выкладваў запісы выступаў беларускіх рок- і блюз-гуртоў і выканаўцаў.

нг