Беларуская Служба

Папа рымскі Леў XIV сустрэўся з Алесем Бяляцкім

27.05.2026 14:15
Праваабаронца, нобелеўскі лаўрэат Алесь Бяляцкі паразмаўляў з Папам Львом XIV пра сітуацыю з правамі чалавека ў Беларусі і папрасіў пантыфіка маліцца.
  XIV          27  2026 .
Папа Леў XIV размаўляе з Алесем Бяляцкім і ягонай жонкаю Наталляй Пінчук 27 траўня 2026 года. Фота: christianvision / Telegram

Сустрэча кіраўніка Рымска-каталіцкай царквы Льва XIV з праваабаронцам, нобелеўскім лаўрэатам Алесем Бяляцкім і ягонай жонкай Наталляй Пінчук адбылася 27 траўня на плошчы Святога Пятра ў Ватыкане, паведамляе Белсат. Там пантыфік правёў агульную аўдыенцыю.

«Хрысціянская візія» піша, што былы палітвязень расказаў Папу пра сітуацыю з правамі чалавека ў Беларусі, а таксама папрасіў пра малітву і «ўвагу да гуманітарнай катастрофы» ў краіне.

Канал «Хрысціяне супраць вайны!» удакладняе, што Бяляцкі перадаў пантыфіку ліст, збольшага там пра вайну ва Украіне.

Праваабаронца наўпрост назваў улады Беларусі саўдзельнікамі ўварвання і крыніцай нестабільнасці ў Еўропе. Асобна ён адзначыў, што беларускі народ вайну не падтрымлівае, і больш за 200 беларусаў цяпер за кратамі за салідарнасць з Украінай і супраціў расійскім войскам.

Пры гэтым, паводле Бяляцкага, «рэжым Лукашэнкі не мае рэальнай самастойнасці», таму захоўваецца небяспека ўцягвання Беларусі ў вайну.

Бяляцкі выйшаў з-за кратаў у Беларусі 13 снежня 2025 года ў выніку перамоваў амерыканцаў з Аляксандрам Лукашэнкам. Праваабаронца адбываў 10-гадовы тэрмін па палітычнай справе. Ён прабыў у няволі 4 гады і 5 месяцаў. Пасля вызвалення быў вывезены з Беларусі.