Беларуская Служба

У ЕС можа з'явіцца механізм кампенсацыяў беларусам

02.06.2026 17:02
«Мы лічым важным стварыць прэцэдэнт, які будзе працаваць не толькі для Беларусі і Расіі».
   .
Здымак мае ілюстрацыйны характар. VBlock/pixabay.com/CC0 Public Domain

Сузаснавальнікі Беларускага дэмакратычнага форуму Валерый Цапкала і Дзмітрый Балкунец падрыхтавалі праект рэзалюцыі Еўрапарламента з заклікам да Еўракамісіі і Еўрапейскай Рады стварыць Еўрапейскі кампенсацыйны фонд для ахвяраў палітычных рэпрэсіяў, прычым не толькі для грамадзянаў Беларусі, але і Расіі, паведамляе «Белсат».

— Мы гаворым не пра «агульны кацёл» для беларусаў і расейцаў, а пра сам прынцып міжнароднага механізму кампенсацый для людзей, якія пацярпелі ад палітычна матываванай канфіскацыі маёмасці і вымушанай эміграцыі, — кажа Балкунец.

У мэтах забеспячэння эфектыўнага пакрыцця шкоды і істотнай кампенсацыі за грубыя парушэнні асноватворных правоў, кампенсацыя, што прызначаецца ахвярам, у якасці агульнага прынцыпу мае быць не ніжэй за € 1 млн на аднаго пацярпелага, прапануюць аўтары праекта.

Пры гэтым ахвяраў не пазбаўляюць права патрабаваць і больш, калі «кошт канфіскаваных актываў і задакументаваных стратаў перавышае гэтую суму».

Адмысловы кампенсацыйны фонд аўтары праекта рэзалюцыі прапануюць папаўняць за кошт:

— канфіскацыі дзяржаўных актываў Рэспублікі Беларусь і Расійскай Федэрацыі, што знаходзяцца ў межах юрысдыкцыі чальцоў ЕС;
 прыбытку і актываў дзяржаўных прадпрыемстваў, што фінансуюць рэпрэсіі і падтрымліваюць аўтарытарныя рэжымы;
 арыштаваных дзяржаўных грузаў, камерцыйнай уласнасці і фінансавых актываў, звязаных з «беларускім і расійскім рэжымамі»;
 спецыяльнага мыта ў памеры не менш за 10 % на гандлёвыя аперацыі з удзелам дзяржаўных прадпрыемстваў і падсанкцыйных структураў, звязаных з «рэжымамі Рэспублікі Беларусь і Расійскай Федэрацыі».

Аўтары праекта лічаць, што, калі ўдасца распрацаваць і замацаваць на міжнародным узроўні механізм выплаты кампенсацый беларусам і расіянам, такая практыка «можа стаць універсальным інструментам і для іншых краінаў, дзе дзяржава ўжывае канфіскацыю маёмасці і вымушаную эміграцыю як форму палітычнага ціску».

— Мы лічым важным стварыць прэцэдэнт, які будзе працаваць не толькі для Беларусі і Расіі, – сказаў палітолаг.

аз