Генеральны пракурор Беларусі Дзмітры Гара назваў «экстрэмізм» адной з галоўных пагрозаў нацыянальнай бяспецы і заявіў, што «колькасць такіх злачынстваў у краіне» зніжаецца дзякуючы працы сілавікоў.
У якасці прыкладу ён згадаў Еўрапейскі гуманітарны ўніверсітэт, які ў красавіку Вярхоўны суд прызнаў «экстрэмісцкай арганізацыяй». Паводле Дзмітрыя Гары, універсітэт, які называе сябе «беларускай ВНУ ў выгнанні, па факце ажыццяўляе падрыўную дзейнасць на шкоду дзяржаве».
Пры гэтым генпракурор запэўніў, што «пагалоўна, без разбору, прыцягваць да адказнасці студэнтаў і асобаў, якія мелі нейкае дачыненне да гэтай арганізацыі, натуральна, ніхто не будзе».
Паводле праваабаронцаў, пасля прызнання ЕГУ «экстрэмісцкай арганізацыяй» пачаўся крымінальны пераслед, звязаны з абвінавачаннямі ў «садзейнічанні экстрэмісцкай дзейнасці», а таксама адбыўся шэраг ператрусаў у людзей, звязаных з універсітэтам.
Еўрапейскі гуманітарны ўніверсітэт — прыватная беларуская ВНУ, якая працуе ў выгнанні ў Вільні ад 2004 года. Ён быў заснаваны ў Мінску ў 1990-х, але ў 2004-м беларускія ўлады яго закрылі, пасля чаго ўніверсітэт аднавіў працу за межамі краіны.
Свабода/ав