Агенцтва ўнутранай бяспекі (ABW) выявіла механізм выкарыстання ўцекачоў з Беларусі і Украіны для дзейнасці, інспіраванай і фінансаванай Расіяй.
Апошнімі днямі ў Варшаве, Уроцлаве, Кракаве, Закапанэ і Быдгашчы супрацоўнікі ABW сумесна з Памежнай службай затрымалі двух грамадзян Беларусі і дзевяць чалавек з Украіны. Ім пагражае неадкладная высылка з Польшчы.
Высновы ABW сведчаць пра тое, што затрыманыя працавалі на карысць Расіі і Беларусі. З восені 2025 года яны вербавалі сярод украінскіх бежанцаў удзельнікаў дэманстрацый арганізаваных у Польшчы. Удзельнікі пратэстаў атрымлівалі грошы за свой удзел, і, паводле інфармацыі ABW, сродкі на гэтую мэту паступалі з Расійскай Федэрацыі.
Арганізатары імкнуліся паступова паўплываць на супольнасць украінскіх бежанцаў у Польшчы і выкарыстоўваць гэтую групу для прасоўвання палітычных лозунгаў. Для правакацыі пратэстаў выкарыстоўваліся эмацыйныя тэмы, у тым ліку аб карупцыйных скандалах і бягучых падзеях ва ўнутранай палітыцы Украіны.
Гэта прыклад дзеянняў ніжэй за парог класічнай агрэсіі, накіраваных на падрыў грамадскага даверу, распальванне напружанасці і выкарыстанне бежанцаў у якасці інструментаў расійскіх аперацый уплыву, — напісалі на сайце ABW.
яс