Беларуская Служба

СБУ назвала расійскіх генералаў, адказных за ўдар па Жытоміршчыне, дзе загінулі двое беларусаў

01.07.2026 12:33
Як сцвярджае СБУ, па іх загадзе расійская авіяцыя скінула на горад не менш як 12 фугасных і аскепкава-фугасных авіябомбаў, выкарыстаўшы для атакі два бамбардзіроўшчыкі.
.
.https://t.me/SBUkr

Служба бяспекі Украіны завочна прад'явіла абвінавачанні двум расійскім генералам, якіх лічыць адказнымі за авіяўдар па Жытомірскай вобласці ў сакавіку 2022 года. Пра гэта спасылаючыся на СБУ, паведамляе reform.by.

Паводле следства, рашэнне нанесці ўдар па грамадзянскіх аб'ектах у горадзе Карасцень прынялі генерал-палкоўнік Аляксандр Чайка, які тады камандаваў войскамі Усходняй ваеннай акругі РФ, і генерал-лейтэнант Уладзімір Краўчанка, камандуючы авіяцыйнай групоўкай аператыўнай групоўкі войскаў «Усход».

Як сцвярджае СБУ, па іх загадзе расійская авіяцыя скінула на горад не менш за 12 фугасных і аскепкава-фугасных авіябомбаў, выкарыстаўшы для атакі два бамбардзіроўшчыкі.

Абодвум генералам інкрымінуюць парушэнне законаў і звычаяў вядзення вайны, якое суправаджалася наўмысным забойствам, учыненым групай асоб паводле папярэдняй змовы.

Падчас таго абстрэлу на тэрыторыі былога малочнага завода знаходзіліся двое беларускіх дальнабойшчыкаў. Яны загінулі. Тады мэр Карасценя Уладзімір Маскаленка заяўляў, што самалёты, якія нанеслі ўдар, узляцелі з тэрыторыі Беларусі.

эж