У Саўмін ужо ўнесены праект змен у закон аб знешняй працоўнай міграцыі з прапановай увесці рэестр аўтстафінгавых агенцтваў, паведамляе «Люстэрка».
Ёсць праблема — ростам попыту на замежную працоўную сілу пачынаюць карыстацца нядобрасумленныя агенцтвы па падборы персаналу, або аўтстафінгавыя фірмы, — адзначыла намеснік начальніка ўпраўлення Дэпартамента па грамадзянстве і міграцыі МУС Наталля Кульбіцкая дзяржвыданню «Эканоміка Беларусі». Паводле яе слоў, назіраецца праблема з працаўладкаваннем замежнікаў праз арганізацыі-пасярэднікі.
— Сумесна з Мінпрацы і сацабароны пашыраем пералік дэфіцытных прафесій, прапануем адмяніць спецдазволы, напрыклад, урачам-інтэрнам, правізарам і іншым спецыялістам, паколькі наймальнікі вельмі зацікаўлены ў тым, каб да іх ехалі замежнікі, — паведаміла Кульбіцкая.
Чыноўніца патлумачыла, што аўтстафінгавыя фірмы выконваюць ролю наймальніка, рэгіструюць юрыдычную асобу, заяўляюць вакансіі з пераліку дэфіцытных, каб была магчымасць прыцягнуць іншаземца ў спрошчаным парадку, а потым заключаюць дагавор, напрыклад, з сельгаспрадпрыемствам аб аказанні паслугі ў сферы жывёлагадоўлі ці будаўніцтва і накіроўваюць да яго работніка. Гэта значыць, фірма, зарэгістраваная ў Мінску, перамяшчае прыезджага ў Брэсцкую або Віцебскую вобласць. Гэта парушэнне рэжыму знаходжання замежніка ў краіне, паколькі ён павінен знаходзіцца па адрасе, па якім зарэгістраваны наймальнік.
За мінулы год і ў першым квартале гэтага года ў Беларусь прыехалі працаваць больш за 64,8 тыс. мігрантаў, — вынікае з дадзеных МУС.
На гэты момант ва ўсіх сферах эканомікі занята больш як 35 тыс. прыезджых, амаль 80 працэнтаў карыстаюцца спрошчаным парадкам працаўладкавання.
яс