Удар прыйшоўся ў лабавое шкло. Здарэнне адбылося ў прапускным пункце «Чырвоны Камень» ў Бранскай вобласці а 11:55, паведаміла «Наша Ніва».
Пад ударам апынуўся аўтобус Higer. Параненыя два кіроўцы, ім аказана медыцынская дапамога. Для эвакуацыі пасажыраў і кіроўцаў з Гомеля адправілася спецгрупа.
Пасля атакі памежны пераход «Чырвоны Камень» закрылі, паведамляе «Белсат».
Афіцыйныя крыніцы Расіі ці Беларусі пакуль не каментавалі гэтай інфармацыі.
Гэта другі такі выпадак, калі дрон падае на аўтобус. Раней 17 чэрвеня ў той жа Бранскай вобласці пад удар патрапіў аўтобус з беларускай дзіцячай футбольнай камандай, які ехаў у Геленджык. Загінула адна жанчына, у цяжкім стане шпіталізавалі трэнера і адно дзіця, паранены яшчэ пяцёра дзяцей.
Расія адкрыла крымінальную справу паводле факту тэрарыстычнага акта, абвінаваціўшы Украіну. Кіеў абвяргае сваё дачыненне да здарэння.