Дзень незалежнасці Беларусі «мае асаблівае значэнне не толькі для беларусаў, але і для расіян», бо звязаны са «слаўнай падзеяй (...) агульнай гісторыі — вызваленнем Мінска ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў», заявіў кіраўнік Расіі Уладзімір Пуцін, віншуючы 3 ліпеня з гэтым святам Аляксандра Лукашэнку.
Паводле слоў расійскага лідара, якія прыводзіць яго прэс-служба, «сувязі братэрскага сяброўства і ўзаемавыручкі, загартаваныя ў суровыя ваенныя гады», сёння застаюцца «надзейнай асновай для развіцця саюзніцкіх расійска-беларускіх стасункаў», паведамляе «Позірк».
— Масква і Мінск плённа ўзаемадзейнічаюць на ўсіх напрамках, каардынуюць намаганні ў супрацьстаянні знешнім пагрозам і выклікам, — лічыць Пуцін. — Упэўнены, што, працягваючы ўсяляк нарошчваць шматпланавыя партнёрскія сувязі і ўмацоўваць інстытуты Саюзнай дзяржавы, мы зможам з гонарам пераадолець любыя выпрабаванні, абараніць свае законныя інтарэсы на сусветнай арэне і забяспечыць дастойную будучыню для нашых грамадзян.
2 красавіка 1996 года першы прэзідэнт Расіі Барыс Ельцын і Лукашэнка падпісалі дагавор аб стварэнні супольнасці Беларусі і Расіі, а 2 красавіка 1997-га дагавор аб Саюзе Беларусі і Расіі. 23 мая 1997 года быў прыняты статут саюза. 8 снежня 1999 года быў падпісаны дагавор аб стварэнні Саюзнай дзяржавы, які набыў моц 26 студзеня 2000 года.
Крэмль пачаў фарсіраваць тэму інтэграцыі з Беларуссю ў снежні 2018 года. Дзмітрый Мядзведзеў, які на той момант займаў пасаду прэм’ер-міністра Расіі, фактычна ўвязаў далейшую падтрымку Мінска з боку Масквы з тым, як шчыльна яны будуць збліжацца.
Працэс актывізаваўся пасля таго, як Расія падтрымала Лукашэнку на хвалі поствыбарчых пратэстаў 2020 года, а таксама пасля пачатку поўнамаштабнай вайны РФ супраць Украіны ў лютым 2022-га, у якой афіцыйны Мінск падтрымлівае Крэмль.
Ціханоўская неаднаразова заклікала заходніх партнёраў не атаясамліваць рэжым Лукашэнкі і народ Беларусі, а таксама да таго, каб Беларусь у канчатковым выніку «не была аддадзеная Пуціну як суцяшальны прыз».
Амерыканскі Інстытут вывучэння вайны (ISW) у сваіх аналітычных справаздачах шмат разоў заяўляў пра тое, што Масква працягвае выкарыстоўваць структуры Саюзнай дзяржавы для фактычнай анексіі Беларусі і знаходзіцца ў фінальнай стадыі гэтага працэсу.
вс