Беларуская Служба
Дадай у Google

Дадайце нас у абраныя крыніцы ў Google, каб нашы навіны заўсёды былі сярод першых вынікаў вашага пошуку

Праваабаронцы: З 2020 года амаль 10 тысяч чалавек падвергліся ў Беларусі палітычна матываванаму крымінальнаму пераследу

06.07.2026 12:01
У Беларусі працягваецца жорсткі дзяржаўны тэрор, праз што сітуацыя з правамі чалавека ацэньваецца экспертамі як крытычная.
Ілюстрацыйны здымакvero_vig_050/Pixabay

З 2020 года як мінімум за 9.914 чалавек сутыкнуліся ў Беларусі з палітычна матываваным крымінальным пераследам, як мінімум 8.590 з іх былі асуджаны (у тым ліку завочна), паведамляе «Позірк», спасылаючыся на звесткі штомесячнага агляду «Сітуацыя з правамі чалавека ў Беларусі. Чэрвень 2026», падрыхтаванага цэнтрам «Вясна».

— Гэтыя паказчыкі працягваюць расці кожны месяц, хоць праваабаронцы істотна абмежаваныя ў магчымасцях атрымання інфармацыі пра пераслед, — адзначае «Вясна».

На канец чэрвеня ў няволі заставалася 859 палітычных зняволеных, у тым ліку 117 жанчын, гаворыцца ў аглядзе.

176 палітвязняў знаходзяцца «ў асабліва ўразлівым становішчы праз свой стан здароўя, узрост або абставіны зняволення».

Колькасць былых палітвязняў склала 3.867 чалавек (сярод іх 769 жанчын).

Шэраг палітвязняў утрымліваецца ў рэжыме інфармацыйнай ізаляцыі (інкамунікада), за кратамі застаецца трое затрыманых у непаўналетнім узросце: Дзмітрый Захарошка, Трафім Барысаў і Аляксандра Пуліновіч.

— Праваабаронцы працягваюць дакументаваць факты катаванняў і жорсткага абыходжання ў Беларусі. СІЗА КДБ застаецца самым закрытым і жорсткім месцам, дзе чалавека гатовыя ламаць любымі сродкамі, — адзначаюць праваабаронцы.

Злачынствы супраць чалавечнасці і грубыя парушэнні правоў чалавека ў Беларусі працягваюцца, канстатуецца ў аглядзе, «яны не абмежаваліся 2020-м годам, яны маюць патрэбу ў расследаванні з наступным прыцягненнем вінаватых да адказнасці».

У няволі застаецца 147 палітвязняў, асуджаных за ўдзел у мірных акцыях пратэсту 2020–2021 гадоў (арт. 342 КК).

Праваабаронцам вядома мінімум пра 151 чалавека, асуджанага за «здраду дзяржаве» (арт. 356 КК).

— Гэта экстрэмальна высокі паказчык. Усяго паводле абвінавачвання ў дзяржаўнай здрадзе, шпіянажы і агентурнай дзейнасці з 2020 года асуджаны не менш за 185 чалавек, — паведамляе праваабарончы цэнтр.

За ахвяраванні (данаты) забароненым арганізацыям прыгаворана не менш за 159 чалавек.

У чэрвені ў «спіс тэрарыстаў» уключана 14 чалавек, у «спіс экстрэмістаў» — 95, на дзве пазіцыі павялічыўся пералік «экстрэмісцкіх фарміраванняў», пастаянна папаўняецца пералік «экстрэмісцкіх матэрыялаў».

Паводле звестак праваабаронцаў, па «справе Беларускага Гаюна» (за перадачу інфармацыі аб расійскай вайсковай тэхніцы аднайменнаму тэлеграм-каналу) асуджана не менш за 200 чалавек.

— У Беларусі працягваецца жорсткі дзяржаўны тэрор, праз што сітуацыя з правамі чалавека ацэньваецца экспертамі як крытычная. Сістэмныя рэпрэсіі не слабеюць і па-ранейшаму накіраваныя супраць іншадумцаў, палітычных апанентаў, удзельнікаў пратэстаў, журналістаў і праваабаронцаў, — гаворыцца ў аглядзе.

Масавыя палітычныя рэпрэсіі працягваюцца ў Беларусі ўжо шэсць гадоў.

аз

За кратамі знаходзяцца 18 актывістаў незалежнага прафсаюзнага і рабочага руху Беларусі

24.06.2026 13:00
Паводле БКДП за шэсць гадоў праз крымінальны пераслед прайшлі больш за 50 прафсаюзных актывістаў.

Марыя Калеснікава атрымала стыпендыю ў Інстытуце Маккейна

30.06.2026 09:01
Калеснікава будзе працаваць над тым, каб павялічыць значнасць Беларусі ў еўрапейскай і амерыканскай палітыцы, паведамілі ў інстутуце.