Эстонія не прыме чэмпіянат Еўропы па стральбе з пнеўматычнай вінтоўкі ў 2027 годзе пасля таго, як адмовілася гарантаваць уезд спартсменам з Беларусі і Расіі. Еўрапейская стралковая канфедэрацыя перанесла турнір у іспанскую Гранаду, паведамляе «Радыё Свабода».
Эстонскія ўлады загадзя паведамілі арганізатарам, што не могуць забяспечыць удзел беларускіх і расійскіх спартоўцаў, паколькі ў краіне дзейнічаюць абмежаванні на іх уезд. Турнір, запланаваны на 3–9 сакавіка 2027 года, мае статус адборачнага да Алімпійскіх гульняў 2028 года ў Лос-Анджэлесе.
Гэта не першы падобны выпадак. Раней Польшча таксама страціла права на правядзенне міжнароднага турніру пасля адмовы выдаць візы ўдзельнікам з Беларусі і Расіі. Сітуацыя можа паўтарацца і надалей, бо Міжнародны алімпійскі камітэт ужо зняў абмежаванні на ўдзел беларускіх і расійскіх спартоўцаў у міжнародных спаборніцтвах.
эж