Некаторых артыстаў не запрашаюць на фестываль «Славянскі базар у Віцебску» з палітычных прычынаў.
Пра наяўнасць «чорных спісаў» у дырэктара фэсту Глеба Лапіцкага спытаўся блогер Ягор Ермакоў, паведамляе «Еўрарадыё».
Лапіцкі не даў канкрэтнага адказу, але заявіў, што некаторых артыстаў арганізатары запрасіць не могуць.
— Ёсць артысты, якіх мы не запросім на «Славянскі базар». Мы не хаваем: вы ведаеце, 2020-2021-ы гады паказаў вельмі многіх артыстаў, якія былі сябрамі, якія былі не сябрамі, — сказаў дырэктар.
Таксама ён заявіў, што арганізатары арыентуюцца на «вялікі крытэрый этычнасці, эстэтычнасці артыста», таму не запросяць выступоўцаў са скандальнай рэпутацыяй.
— Бо кожны наш нейкі маленькі пралік — гэта асацыяцыя з краінай, — сказаў Лапіцкі.
Паводле яго, лепей хай гледачы запомняць цэлафанавы намёт, чым скандальнага артыста.
«Чорныя спісы» артыстаў у Беларусі існуюць ужо трэцяе дзесяцігоддзе. Яны перыядычна абнаўляюцца. Не так даўно ў СМІ трапляў чарговы спіс гуртоў і выканаўцаў, песні якіх нельга выконваць у караоке або запрашаць на афіцыйныя мерапрыемствы.
аз