4-8 ліпеня ў Гаазе прайшла 33-я штогадовая сесія Парламенцкай асамблеі АБСЕ. Як паведамлялася, на яе палях была афіцыйна запушчаная міжпарламенцкая група «За дэмакратычную Беларусь».
Ініцыятыва аб'яднала 35 дэпутатаў з 17 краін, сярод іх — Швецыя, Украіна, Германія, Польшча, Латвія, Ісландыя, Нарвегія, Славенія, Чэхія, Харватыя, Фінляндыя, Італія, Малдова, Вялікабрытанія, Літва, Нідэрланды, Данія.
Парламенцкая група пры АБСЕ «За дэмакратычную Беларусь» будзе каардынаваць падтрымку дэмакратычных сілаў і трымаць беларускае пытанне ў цэнтры ўвагі АБСЕ.
Дарадчык Святланы Ціханоўскай па парламенцкім супрацоўніцтве і Канстытуцыйнай рэформе Анатоль Лябедзька нагадаў, што ў выніковых дакументах Асамблеі Беларусь згадваецца асобна. Таксама была прынятая спецыяльная рэзалюцыя па Беларусі.
— Упершыню за доўгі час Беларусь фігуруе ў асноўным выніковым дакуменце — рэзалюцыі. Ёсць цэлы абзац, прысвечаны Беларусі, у якім гаворыцца пра найбольш вострую праблему — палітычных вязняў. Вітаецца, што людзі вызваляюцца, але разам з тым з’яўляюцца новыя ахвяры беларускага рэжыму. Акрамя гэтага прынятая адмысловая рэзалюцыя па Беларусі, дзе вельмі падрабязна апісаная цяперашняя сітуацыя; што Беларусь згубіла нават той кволы аўтарытэт, які быў па пытаннях бяспекі. Гаворыцца пра рэпрэсіі і прапаноўваецца набор дзеянняў, што трэба рабіць, каб вярнуць Беларусь да пераменаў, да дэмакратыі, — адзначыў Анатоль Лябедзька.
Дарадчык Святланы Ціханоўскай па парламенцкім супрацоўніцтве і Канстытуцыйнай рэформе таксама падкрэсліў, што зараз самае важнае — рыхтавацца да наступнай сесіі восенню.
аз