Беларуская Служба
Дадай у Google

Дадайце нас у абраныя крыніцы ў Google, каб нашы навіны заўсёды былі сярод першых вынікаў вашага пошуку

Кіраўнік памежнай службы: Латвія — галоўная мэта гібрыднай вайны Беларусі

13.07.2026 08:35
Мэта — дэстабілізаваць сітуацыю, выклікаць незадаволенасць і раскол у грамадстве.
Сцяг ЛатвііFoto: pixabay.com/CC0 Public Domain

Латвія цяпер з’яўляецца галоўнай мэтай у гібрыднай вайне, якую вядзе Беларусь, заявіў начальнік Дзяржаўнай памежнай службы Латвіі Гунціс Пуятс. Пра гэта паведамляе «Свабода» са спасылкай на літоўскія СМІ.

Паводле Пуятса, сітуацыя на ўсходняй мяжы краіны застаецца складанай і стварае сур’ёзныя выклікі. Ён адзначыў, што арганізатары незаконнага перамяшчэння мігрантаў сталі больш агрэсіўнымі, таму памежнікам даводзіцца выкарыстоўваць больш жорсткія метады затрымання. У сувязі з гэтым, паводле яго, памежнай службе патрэбная больш шырокая падтрымка Нацыянальных узброеных сілаў Латвіі.

З пачатку 2026 года латвійская памежная служба спыніла спробы каля 7 600 чалавек незаконна перасекчы беларуска-латвійскую мяжу. Гэта значна больш, чым за аналагічны перыяд мінулага года.

Гунціс Пуятс заявіў, што высокі ціск на мяжу мае некалькі прычын. Сярод іх ён назваў падтрымку Латвіяй Украіны і асуджэнне расійскай агрэсіі, уплыў расійскай прапаганды, а таксама дадатковыя рызыкі ў сувязі з будучымі выбарамі ў Сейм.

— Мэта — дэстабілізаваць сітуацыю, выклікаць незадаволенасць і раскол у грамадстве праз нібыта няздольнасць дзяржавы справіцца з гэтымі цяжкасцямі,  сказаў кіраўнік латвійскай памежнай службы.

Пра рост міграцыйнага ціску кажа і Літва. Зацверджаны на гэтым тыдні новы міністр унутраных спраў краіны Марцінас Кацялінас заявіў, што цяпер найбольш праблемным для Літвы стаў участак мяжы з Латвіяй праз павелічэнне так званай другаснай міграцыі.

аз

Польскія памежнікі з Мельніка адзначылі 30-годдзе заставы

10.07.2026 16:40
Памежнікі з Мельніка ахоўваць 18,5-кіламетровы ўчастак мяжы паміж Польшчай і Беларуссю.