У Польшчы практычна завершана падрыхтоўка новай Стратэгіі нацыянальнай бяспекі. Прадстаўнікі Бюро нацыянальнай бяспекі і Міністэрства нацыянальнай абароны ўзгаднілі ўсе найбольш спрэчныя пытанні, — заявіў кіраўнік Бюро нацыянальнай бяспекі Барташ Градэцкі.
— Мы павінны быць гатовыя да далейшай эскалацыі расійскіх гібрыдных дзеянняў, дыверсій і дэзінфармацыі, — падкрэсліў палітык.
Стратэгія прадугледжвае ўмацаванне абараназдольнасці Польшчы, устойлівасці грамадства да гібрыдных пагроз і супрацоўніцтва з саюзнікамі. Пры гэтым, паводле Градэцкага, прыкмет непасрэднай ваеннай канфрантацыі з Расіяй цяпер няма.
Пасля рэдакцыйнай дапрацоўкі дакумент разгледзіць урад, а канчаткова зацвердзіць прэзідэнт Польшчы Караль Наўроцкі.
Асобна Варшава вядзе перамовы пра пастаяннае размяшчэнне амерыканскіх войскаў. Прадстаўнікі ЗША ўжо вывучалі магчымыя месцы для вайсковай базы. Канчатковае рашэнне залежыць ад вынікаў аналізу Пентагона і рашэння прэзідэнта ЗША Дональда Трампа.
pap/ez