Улады распачалі справу яшчэ 11 траўня 2026 года, праўдападобна, па адным з палітычных артыкулаў — 361-4, — паведамляе «Гарадзенская Праваабарона».
— Я не ведаю чаго дакладна тычыцца заведзеная справа. Ведаю пра дзясяткі, так званых, працэсуальных дзеянняў у дачыненні да маіх родных, сваякоў і знаёмых: ператрусы, допыты, у тым ліку нефармальныя размовы — кажа Павел.
Што цікава, па словах Паўла Мажэйкі, групы сілавікоў у часе ператрусаў шукаюць у Беларусі менавіта яго і «здзіўляюцца», што ніяк не могуць знайсці.
Адначасна з допытамі ў межах заведзенай крымінальнай справы, па якой журналісту пагражае да 7 год зняволення, на нефармальных «абавязковых» размовах супрацоўнікі КГБ абавязваюць родных Мажэйкі перадаць яму, што ён можа беспраблемна і бяспечна вярнуцца ў Беларусь.
Паводле Мажэйкі, ён ведае, што падобныя «запрашэнні» даходзяць таксама да іншых палітвязняў, прымусова вывезеным з Беларусі ў другой палове 2025 — пачатку 2026 года.
— Я так разумею, што нас прадалі адзін раз, цяпер прыдумалі спосаб, як «зарабіць» на нас двойчы. Гэтыя структуры зрабілі ўжо столькі зла людзям, і ў мяне няма падставаў лічыць, што яны працуюць дзеля Беларусі і беларускага народа. Выпускайце палітвязняў, прыбірайце палітычныя артыкулы: толькі тады людзі дазволяць сабе пачаць задумвацца пра вяртанне на Радзіму, — каментуе сітуацыю Мажэйка.
Гарадзенскі грамадскі дзеяч і журналіст Павел Мажэйка быў арыштаваны 30 жніўня 2022 года і незаконна прысуджаны паводле палітычнага артыкула да 6 гадоў зняволення ў калоніі ўзмоцненага рэжыму. Карны прысуд аформіў 26 ліпеня 2023 года суддзя Максім Філатаў, вядомы гучнымі палітычнымі выракамі.
11 верасня 2025 года ў ліку іншых беларускіх палітвязняў Павел Мажэйка быў вызвалены з карнай калоніі і прымусова вывезены з Беларусі на тэрыторыю Еўрасаюза.
яс