Інданезія ўключыла Беларусь у пералік дзяржаў, грамадзяне якіх могуць уязджаць у краіну без візы. Адпаведнае рашэнне замацавана ў нарматыўным акце Міністэрства іміграцыі і папраўчых устаноў Інданезіі. Дакумент уступае ў сілу з дня апублікавання і адмяняе папярэднюю рэдакцыю аналагічнага акта, паведамляе выданне Reform.news.
У дадатку да дакумента пералічаны шэсць дзяржаў і тэрыторый, грамадзяне якіх атрымалі права на бязвізавы ўезд у Інданезію: Беларусь, Бразілія, Казахстан, Макао (спецыяльны адміністрацыйны раён Кітая), Перу і Турцыя.
Прававой асновай для гэтага рашэння стаў Указ прэзідэнта Інданезіі № 95 ад 2024 года аб бязвізавых наведваннях. Дакумент змяніў ранейшы парадак прадастаўлення бязвізавага рэжыму: прэзідэнт вызначыў крытэрыі, а паўнамоцтвы па зацвярджэнні і змяненні пераліку краін перадаў міністру іміграцыі.
Пры ўключэнні новых дзяржаў павінны ўлічвацца прынцып узаемнасці, інтарэсы бяспекі, развіцця турызму, эканомікі і інвестыцый.
У час візіту Аляксандра Лукашэнкі ў Інданезію ў пачатку ліпеня пытанне бязвізавага рэжыму было сярод тэм двухбаковых перагавораў.
Бязвізавы ўезд у Інданезію для грамадзян Беларусі быў прыпынены ў сакавіку 2020 года з-за пандэміі COVID-19. Грамадзяне Інданезіі, у сваю чаргу, і цяпер могуць наведваць Беларусь без візы на тэрмін да 30 дзён.
аз