У Каардынацыйным штабе Украіны ў пытаннях абыходжання з ваеннапалоннымі ўпершыню з пачатку поўнамаштабнай расійскай вайны назвалі колькасць грамадзян Беларусі, якія ваявалі на баку Расіі і трапілі ва ўкраінскі палон.
— На ліпень 2026 года ў месцах утрымання ваеннапалонных ва Украіне знаходзяцца 22 грамадзяніны Беларусі. Пачынаючы з 2022 году, сямёх беларусаў, якія мелі таксама і расійскае грамадзянства, абмянялі на грамадзян Украіны, якія знаходзіліся ў расійскім палоне, — паведаміў кіраўнік сакратарыяту Каардынацыйнага штабу Багдан Ахрыменка ў адказе на афіцыйны запыт Свабоды.
У той жа час Багдан Ахрыменка не адказаў на пытанне, ці звярталіся ўлады Беларусі да Украіны наконт вызвалення беларусаў і ў якім фармаце.
Раней грамадзян Беларусі абменьвалі ў межах расійска-ўкраінскіх абменаў, што адбываліся на беларускай тэрыторыі. Украінскі бок кожны раз звяртаў увагу, што беларусаў перадавалі Расіі, аднак вядомы прынамсі адзін факт, калі перададзенага палоннага — былога байца Сілаў спецыяльных аперацыяў Беларусі Максіма Зязюльчыка — пасля вызвалення з украінскага палону асудзілі паводле артыкулаў 133 і 356 Крымінальнага кодэксу Беларусі (найміцтва і здрада дзяржаве адпаведна). Пакаранне Зязюльчык адбывае ў папраўчай калоніі № 17 у Шклове (Магілёўская вобласць).
Свабода раней ідэнтыфікавала 17 грамадзян Беларусі, якія ваявалі на баку Расіі і трапілі ва ўкраінскі палон.
Як вынікае з адказу на запыт Свабоды, Кіеў прапаноўваў і Беларусі, і Расіі абмяняць грамадзянку Беларусі Іну Кардаш, затрыманую сёлета ў студзені паводле падазрэння ў шпіянажы на карысць Камітэту дзяржаўнай бяспекі Беларусі.
Багдан Ахрыменка падкрэсліў, што ўкраінская дзяржава адкрытая да абмеркавання якіх-хаця спосабаў вяртання ўкраінскіх грамадзян, пазбаўленых асабістай свабоды, у тым ліку перадачы Расіі і Беларусі іхных грамадзян, якіх ва Украіне абвінавачваюць у шпіянажы або якія ўжо адбываюць пакаранне паводле адпаведных артыкулаў Крымінальнага кодэксу краіны.
— І расійская ўлада, і ўлада Беларусі паінфармаваныя аб магчымасці і гатоўнасці Украіны да такога працэсу. Але не першыя, ні другія не спяшаюцца забіраць сваіх «праваленых» агентаў, пра што сведчыць статыстыка дзяржаўнага праекту «Хачу да сваіх, — адзначыў кіраўнік сакратарыяту Каардынацыйнага штабу ў пытаннях абыходжання з ваеннапалоннымі.
Багдан Ахрыменка ўдакладніў, што ў пералік праекта «Хачу да сваіх» уключылі больш за 400 прозвішчаў калабарантаў і шпіёнаў. Большасць іх чакаюць такога абмену 6–8 месяцаў, а ў некаторых выпадках — амаль два гады.
У той жа час прадстаўнік Каардынацыйнага штабу не адказаў на пытанне аб агульным ліку грамадзян Украіны, якія знаходзяцца ў турмах Беларусі і частку якіх перадавалі Кіеву разам з ваеннапалоннымі ці беларускімі палітвязнямі.
— У мэтах бяспекі ўсіх удзельнікаў працэсу мы не каментуем гэтае пытанне, бо гэта можа пашкодзіць арганізацыі будучых падобных захадаў, — падкрэсліў Багдан Ахрыменка.
Свабода/ав