Беларусь і Украіна маглі практычна вырашыць канфлікт вакол выкарыстання ў Беларусі рэтранслятараў для навядзення расійскіх дронаў.
Напружанасць паміж краінамі ўзрасла ў канцы вясны і на пачатку лета, калі Кіеў заявіў, што частка беларускай тэлекамунікацыйнай інфраструктуры можа выкарыстоўвацца Расіяй для атак на ўкраінскую тэрыторыю. Дыпламатычныя спробы вырашыць праблему не далі выніку, пасля чаго прагучалі публічныя заявы і ўкраінскі ультыматум.
Беларускія дзяржаўныя медыя ў адказ адмаўлялі гэтыя абвінавачанні і распаўсюджвалі версію пра тое, што Украіна нібыта памылкова прыняла звычайныя аб’екты за ваенныя рэтранслятары.
Аднак пазней з’явіліся звесткі пра тое, што некалькі рэтранслятараў сапраўды перасталі працаваць. Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі заявіў, што з 22 чэрвеня ў Беларусі былі адключаны чатыры такія сістэмы. Былы галоўнакамандуючы Узброеных сіл Украіны Аляксандр Сырскі таксама казаў, што адзін з рэтранслятараў яшчэ ўключаўся, але пасля быў адключаны.
Журналісты «Флагштока» знайшлі тэндар на аднаўленне вышкі мабільнай сувязі МТС у вёсцы Тонеж Лельчыцкага раёна. Раней з’яўлялася інфармацыя, што гэтая вышка магла быць пашкоджаная ў выніку ўдару. Пацверджанне таксама атрымаў факт ляснога пажару каля Тонежа пасля няўдалай атакі дрона. Паведамляецца і пра пашкоджанні іншых вышак — у Лоеве і Пінскім раёне.
У выніку, нягледзячы на рэзкую рыторыку і ўзаемныя абвінавачанні, далейшай эскалацыі паміж Беларуссю і Украінай не адбылося. Аднак эксперты папярэджваюць: Масква можа зноў паспрабаваць выкарыстаць беларускую тэрыторыю і інфраструктуру ў сваіх ваенных мэтах.
Для рэжыму Лукашэнкі такі сцэнар стварае сур’ёзныя рызыкі, таму Мінск, верагодна, будзе імкнуцца не дапусціць прамога ўцягвання Беларусі ў вайну.
Крыніца: «Салідарнасць»
нг