Старшыня Праваабарончага цэнтра «Вясна» і лаўрэат Нобелеўскай прэміі міру Алесь Бяляцкі прыняў удзел у мерапрыемстве «Bok & Vandring» (Швецыя), у межах якога быў эксклюзіўна апублікаваны раздзел яго будучай кнігі на шведскай мове пад назвай «Алесь». Гэтая ініцыятыва рэалізавана ў супрацоўніцтве з праваабарончай арганізацыяй «Östgruppen», а пераклад тэксту з беларускай на шведскую мову выканаў дыпламат Стэфан Эрыксан.
Тэкст быў прадстаўлены грамадскасці ў сувязі з правядзеннем выставы «Кніга і вандроўка ў Еквіку/Егелукаце» (Bok & Vandring i Jäckvik / Jäggeluaktta). Гэтыя нататкі стануць заключнай часткай новага выдання кнігі «Алесь», якая была ўпершыню апублікавана яшчэ падчас знаходжання праваабаронцы ў зняволенні. Публікацыя адлюстроўвае досвед Бяляцкага ў беларускай турме, які ён апісвае як стан поўнай несвабоды і пастаяннай маральнай напругі.
Адным з цэнтральных момантаў раздзела з'яўляецца апісанне побыту ў камеры, дзе разам з аўтарам знаходзіўся толькі адзін палітвязень, а астатнія былі прадстаўнікамі крымінальнага свету. Бяляцкі згадвае, што сярод яго сукамернікаў былі наркаманы, дробныя парушальнікі і нават асоба, якая чакала пажыццёвага прысуду. Праваабаронца падкрэслівае, што нягледзячы на розныя жыццёвыя шляхі і цяжар абвінавачванняў, супольны смех адкрываў шлях да чалавечага паразумення.
У сваіх мемуарах Алесь Бяляцкі таксама фіксуе змены ў турэмнай сістэме Беларусі, дзе фізічны гвалт часткова саступіў месца больш выдасканаленаму маральнаму прыніжэнню і татальнаму кантролю. Ён апісвае цяжкія ўмовы ў СІЗА на вуліцы Валадарскага і ў калоніі ў Горках, параўноўваючы знаходжанне там са «знаходжаннем у сметніцы», але адначасова адзначае велізарную важнасць народнай салідарнасці. Аўтар робіць выснову, што нават у ізаляцыі захаванне нацыянальнай ідэнтычнасці і чалавечай годнасці застаецца адзіным спосабам супрацьстаяць сістэме.
Вясна/ав