Беларуская Служба
Дадай у Google

Дадайце нас у абраныя крыніцы ў Google, каб нашы навіны заўсёды былі сярод першых вынікаў вашага пошуку

Урад Грузіі лічыць беларускага праваабаронцу пагрозай нацбяспецы і просіць ААН адхіліць яго скаргу на адмову ў прытулку

03.08.2026 08:30
«На думку ўрада (Грузіі – рэд.), я ўяўляю большую пагрозу бяспецы Грузіі, чым Лукашэнка ўяўляе для мяне», — заявіў Раман Кісляк.
Раман Кісляк Фото: архіў Рамана Кісляка/pozirk

Адхіліць скаргу беларускага праваабаронцы Рамана Кісляка на адмову ў наданні прытулку просіць Грузія Камітэт ААН па правах чалавека. Праваабаронца паведаміў «Позірку», што камітэт даслаў яму каментар грузінскага ўрада, каб атрымаць тлумачэнні.

Паводле Рамана Кісляка, улады Грузіі сцвярджаюць, што «старанна вывучылі сітуацыю ў Беларусі», «была нададзеная належная ўвага характару парушэнняў правоў чалавека», у судах таксама «ацэньвалі сакрэтную інфармацыю, прадстаўленую Службай дзяржаўнай бяспекі».

— Акрамя аналізу саміх прычын адмовы ў наданні статусу, суд таксама падрабязна разгледзеў умовы дзейнасці  для праваабаронцаў у Беларусі і прыйшоў да высновы, што пагроза, якая ствараецца для (грузінскай) дзяржавы, пераважвае магчымыя парушэнні, з якімі спадар Кісляк можа сутыкнуцца на сваёй радзіме,  працытаваў ён каментар уладаў Грузіі.

Пры гэтым пагроза бяспецы нібыта «пацвярджаецца надзейнымі доказамі, атрыманымі падчас сакрэтных контрвыведвальных мерапрыемстваў і двойчы разгледжанымі судом».

Грузінскія ўлады таксама паведамілі камітэту, што вывучылі пагрозы вынясення смяротнага выраку Кісляку ў Беларусі і лічаць, што «такая рызыка не можа быць устаноўленая ў гэтай справе». Акрамя таго, пакуль ніводнага члена апазіцыі або палітычнага актывіста не прыгаварылі да смерці. На думку ўрада Грузіі, само па сабе існаванне шырока распаўсюджаных парушэнняў правоў чалавека ў Беларусі «не з’яўляецца дастатковай падставай для высновы, што канкрэтнай асобе пасля вяртання будзе пагражаць небяспека катаванняў».

 На думку ўрада, я ўяўляю значна большую пагрозу бяспецы Грузіі, чым тую пагрозу, якую Аляксандр Лукашэнка ўяўляе для мяне і іншых беларусаў, што супраціўляюцца дыктатуры,  пракаментаваў Кісляк заўвагі грузінскіх уладаў.

Паводле слоў Кісляка, ён атрымаў два месяцы, каб прадставіць свае заўвагі да каментара ўрада, і ён гэта зробіць.

 Улады Грузіі не разумеюць ці робяць выгляд, што не разумеюць, што адбываецца ў Беларусі. І я планую перадаць матэрыялы, якія паказваюць узровень рэпрэсій, катаванняў і пераследу палітычных апанентаў у нашай краіне,  заявіў праваабаронца.

16 ліпеня супрацоўнікі Памежнай паліцыі МУС Грузіі прыйшлі дадому да Кісляка і склалі пратакол за нелегальнае знаходжанне ў краіне. У лютым 2024 года ў яго скончыўся тэрмін дзеяння беларускага пашпарта. Новы дакумент немагчыма аформіць у амбасадзе Беларусі ў Грузіі праз дыскрымінацыйны ўказ Аляксандра Лукашэнкі. Прытулку праваабаронцу грузінскія ўлады не даюць.

21 ліпеня ў Дэпартаменце міграцыі МУС Грузіі Кісляку паведамілі, што будуць чакаць пастановы камітэта ААН.

Сёлета ў сакавіку ўлады Грузіі паўторна дэ-факта адмовілі Кісляку ў прытулку. Тады ён паведаміў «Позірку», што не мае ніякага статусу: ні просьбіта прытулку, ні «ў працэдуры дэпартацыі».

Дэпартамент міграцыі не задаволіў першае прашэнне праваабаронцы ў жніўні 2024 года  больш як праз год пасля падачы дакументаў. Кісляк з пераменным поспехам аспрэчваў гэтае рашэнне ў судовым парадку, пакуль у ліпені 2025-га Апеляцыйны суд Тбілісі канчаткова не адхіліў скаргу.

Летась у жніўні праваабаронца накіраваў скаргу на адмову ў наданні прытулку ў Камітэт ААН па правах чалавека, які забараніў Грузіі высылаць яго ў Беларусь да завяршэння працэдуры разгляду.

аз