У Праваабарончым цэнтры «Вясна» паведамілі, што ў сувязі са значным пагаршэння зроку палітвязень Вацлаў Арэшка навобмацак перасоўваецца ў атрадзе.
— За час зняволення Вацлаў практычна аслеп, але інваліднасць у калоніі яму да гэтага часу не афармляюць. Нягледзячы на ўзрост і стан здароўя, рэжым Лукашэнкі працягвае ўтрымліваць пенсіянера ў няволі, — адзначаецца ў паведамленні, якое цытуе Радыё «Свабода».
Праваабаронцы паведамілі дэталі ягонага знаходжання ў калоніі са спасылкай на колішняга палітвязня, які адбываў пакаранне разам з Вацлавам Арэшкам.
— З-за таго, што ён нічога не бачыць, яму вельмі цяжка хадзіць у сталоўку ці ў медчастку, заўсёды з ім ідзе чалавек, які яго суправаджае! Гэты чалавек не адзін і той жа, а розныя, — працытавалі праваабаронцы свайго суразмоўцу.
Вацлава Арэшку затрымалі ў красавіку 2022 года, праз год яму прысудзілі восем гадоў пазбаўлення свабоды, ужо трэці год палітвязня трымаюць у Івацэвіцкай калоніі № 22. З-за пенсійнага ўзросту палітвязня не прымушаюць працаваць, але яго фізічны стан такі, што ён прымушаны да мінімуму абмежаваць перасоўванні.
Праваабаронцы ўключылі Вацлава Арэшку ў спіс палітвязняў у стане асаблівай рызыкі для здароўя, якіх трэба як мага хутчэй вызваліць.
У студзені 2026 года Вацлаву Арэшку споўнілася 70 гадоў.
Палітолаг і грамадскі дзеяч, актывіст прафсаюзу РЭП Вацлаў Арэшка ў пачатку 2023 года быў асуджаны паводле пяці артыкулаў Крымінальнага кодэксу, уключна з артыкулам аб стварэннем экстрэмісцкага фармавання і ўдзеле ў ім.
вс