Мікалай Статкевіч нарадзіўся ў 1956 годзе ў вёсцы Лядна Слуцкага раёна. Па адукацыі – ваенны інжынер, служыў у арміі, мае званне падпалкоўніка запасу і ступень кандыдата тэхнічных навук.
З пачатку 1990-х Статкевіч стаў адным з найбольш паслядоўных беларускіх апазіцыйных палітыкаў. Ён быў адным са стваральнікаў Беларускага згуртавання вайскоўцаў, у 1995 годзе ўзначаліў Беларускую сацыял-дэмакратычную партыю (Грамада), а пазней – Народную Грамаду, паведамляе Радыё «Рацыя».
Мікалай Статкевіч удзельнічаў і арганізоўваў вулічныя пратэсты ў 1990-я і 2000-я, быў адным з лідараў пратэстаў супраць фальсіфікацыі рэферэндуму 2004 года, а ў 2010 годзе балатаваўся на прэзідэнцкіх выбарах і ўзяў на сябе палітычную адказнасць за акцыю 19 снежня на Плошчы Незалежнасці.
Палітык быў тройчы зняволены. Трэці раз быў арыштаваны 31 мая 2020 года, калі ехаў на пікет Ціханоўскай у Мінску. Праз паўтара года быў асуджаны на 14 гадоў пазбаўлення свабоды.
11 верасня 2025 года быў вывезены з турмы разам з іншымі 52‑а палітвязнямі, але адмовіўся пакідаць Беларусь, застаўся на нейтральнай паласе, праз некалькі гадзін быў затрыманы і вернуты ў калонію. 19 лютага 2026 года быў адпушчаны дамоў у Мінску.
Мікалай Статкевіч стаў адным з сімвалаў беларускай палітычнай упартасці – чалавекам, які на працягу дзесяцігоддзяў не адмовіўся ад сваіх прынцыпаў, нягледзячы на рэпрэсіі і гады за кратамі. Агулам Статкевіч правёў у турмах рэжыму Лукашэнкі 12 гадоў.
вс