Беларуская Служба
Дадай у Google

Дадайце нас у абраныя крыніцы ў Google, каб нашы навіны заўсёды былі сярод першых вынікаў вашага пошуку

У Аўстрыі затрымалі беларуса па справе аб пастаўках для расійскага ВПК

13.08.2026 07:57
28-гадовы грамадзянін Беларусі — выканаўчы дырэктар і саўладальнік зарэгістраванай у Вене кампаніі.
Аўстрыйская паліцыякрыніца: Polizei Burgenland

Аўстрыйскія спецслужбы раскрылі міжнародную сетку, якая выкарыстоўвалася для абыходу санкцый Еўрапейскага Саюза і паставак прамысловага абсталявання расійскім абаронным прадпрыемствам.

Галоўным падазраваным па справе стаў 28-гадовы грамадзянін Беларусі — выканаўчы дырэктар і саўладальнік зарэгістраванай у Вене кампаніі, паведамляе Reform.news. Пра гэта паведаміла Міністэрства ўнутраных спраў Аўстрыі. Беларуса затрымалі 13 траўня 2026 года.

Адначасова праваахоўнікі канфіскавалі станкі з лічбавым праграмным кіраваннем, якія трапляюць пад санкцыйныя абмежаванні, і спецыяльныя інструменты коштам каля 140 тыс. еўра.

Расследаванне вядзе аўстрыйскае Упраўленне дзяржаўнай бяспекі і разведкі. Паводле яго даных, венская кампанія была спецыяльна створана для закупкі і паставак у Расію прамысловага абсталявання, у тым ліку станкоў з лічбавым праграмным кіраваннем і спецыялізаваных інструментаў для металаапрацоўкі.

Для ўтойвання канчатковых атрымальнікаў прадукцыі выкарыстоўвалася сетка кампаній у Беларусі, Турцыі, Аб'яднаных Арабскіх Эміратах, Ганконгу, Кыргызстане, Паўднёвай Карэі, Польшчы і Літве.

Як сцвярджаюць аўстрыйскія ўлады, еўрапейскім вытворцам даваліся падробленыя сертыфікаты канчатковага карыстальніка, паводле якіх абсталяванне нібыта прызначалася для выкарыстання ў трэціх краінах. У рэчаіснасці атрымальнікамі прадукцыі былі прадпрыемствы, звязаныя з расійскай дзяржаўнай карпарацыяй "Ростех".

Па дадзеных следства, пастаўленае абсталяванне выкарыстоўвалася, у прыватнасці, пры вытворчасці рухавікоў для крылатых ракет і баявых самалётаў, а таксама іншай ваеннай тэхнікі. —

яс