Беларуская Служба
Дадай у Google

Дадайце нас у абраныя крыніцы ў Google, каб нашы навіны заўсёды былі сярод першых вынікаў вашага пошуку

Больш за 10 польскіх святароў Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі могуць пакінуць Беларусь

17.08.2026 08:19
Нягледзячы на актыўнае супрацоўніцтва духавенства Рымска-каталіцкай царквы ў Беларусі з уладамі пачашчаюцца выпадкі непадаўжэння дазволу на служэнне ў краіне замежных святароў.
ІлюстрацыяIstván Kis/pixabay.com/CC0 Public Domain

Як стала вядома «Хрысціянскай візіі», чарговыя 11 святароў Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі будуць вымушаныя з'ехаць з Беларусі, бо не атрымалі ўзгаднення апарата Упаўнаважанага па справах рэлігій і нацыянальнасцяў на працяг рэлігійнай дзейнасці, а некаторыя атрымалі такі дазвол на мінімальны тэрмін.

Паводле інфармацыі «ХВ», у сувязі з гэтым мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Юзаф Станеўскі накіраваў просьбу да Аляксандра Лукашэнкі аб падаўжэнні дазволу на служэнне гэтых святароў у Беларусі.

Іх прозвішчы пакуль не называюцца.

Падчас урачыстай святой Імшы ў свята Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі, 15 жніўня, у катэдральным касцёле ў Магілёве развіталіся з польскім святаром Раманам Шульцам, які з 2007 года цэлебраваў у Беларусі. Гэты манах з ордэна дамініканаў таксама не атрымаў дазволу на далейшую рэлігійную дзейнасць у Беларусі і павінен пакінуць краіну ў бліжэйшыя дні.

Амаль 15 гадоў ён быў адміністратарам парафіі святога Казіміра і святой Ядвігі ў Магілёве, праводзіў штогадовы Ружанцовы кангрэс, быў ініцыятарам іншых мерапрыемстваў, аўтарам публіцыстычных матэрыялаў у каталіцкай прэсе Беларусі.

У святой Імшы, падчас якой развітваліся са святаром, удзельнічалі Апостальскі нунцый у Беларусі арцыбіскуп Іньяцыо Чэфалія, мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Юзаф Станеўскі і Генеральны вікарый Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі біскуп Аляксандр Яшэўскі.

Напярэдадні яны ладзілі сустрэчу з уладамі Магілёва. Як паведамілі дзяржаўныя рэсурсы, падчас круглага стала іерархі абмеркавалі вынікі дзейнасці Рымска-каталіцкай царквы ў Магілёўскай вобласці, «ініцыятывы на ўмацаванні міру і згоды, міжканфесіянальнага дыялогу, захаванне гістарычнай памяці».

Хрысціянскай візіі/ав

https://t.me/byplradio/26086