У Мінскай вобласці засяроджана вялікая колькасць буйных прадпрыемстваў і арганізацый, якія «могуць стаць абʼектамі ўздзеяння дэструктыўных сіл», заявіў міністр унутраных спраў Іван Кубракоў на комплексных камандна-штабных вучэннях УУС Мінаблвыканкама 26 жніўня.
Месца правядзення ў рэлізе МУС не пазначана. Пра старт мерапрыемства паведаміла напярэдадні ведамасная газета «На страже».
Адзначалася, што на ім «мадэляваліся розныя сцэнары развіцця сітуацыі, аналізаваліся аспекты рэагавання, у тым ліку зладжанасць узаемадзеяння на ўсіх узроўнях». Канкрэтыка не прыводзілася.
У вучэнні бралі ўдзел супрацоўнікі Следчага камітэта, якія разам з байцамі СОБР трэніраваліся ва ўмовах, набліжаных да баявых, і вучыліся адбіваць напад, займаць «апорны пункт праціўніка» і затрымліваць умоўных злачынцаў.
У вучэннях таксама адпрацоўвалася выкарыстанне спецтэхнікі МНС.
Крыніца: Позірк/юл