Беларуская Служба
Дадай у Google

Дадайце нас у абраныя крыніцы ў Google, каб нашы навіны заўсёды былі сярод першых вынікаў вашага пошуку

Яшчэ аднаго польскага святара высылаюць з Беларусі. Ён служыў тут больш за 30 гадоў

28.08.2026 12:30
Гэта трэці польскі святар Пінскай дыяцэзіі, якому з пачатку 2026 года не працягнулі дазвол на пастырскую дзейнасць.
   .
Здымак мае ілюстрацыйны характар. lbrownstone/pixabay.com/CC0 Public Domain

Пінская дыяцэзія Рыма-Каталіцкай царквы Беларусі паведаміла, што ўлады не працягнулі дазвол на пастырскае служэнне святару польскай нацыянальнасці Янушу Пуліту. Пра гэта напісана ў звароце біскупа Пінскага Антонія Дзям’янкі, які таксама прызнаў недахоп беларусаў-святароў і скарачэнне колькасці святароў з іншых краін, якія прыязджаюць у Беларусь для працы ў каталіцкіх парафіях.

— Са смуткам паведамляю, што Пінская дыяцэзія не атрымала ад дзяржаўных уладаў узгаднення на далейшае служэнне ў нашых парафіях ксяндза Януша Пуліта, які на працягу 32 гадоў быў душпастырам парафіяў у Ружанах і Лыскаве, — заявіў біскуп Пінскі Антоні Дзям’янка, словы якога цытуе «Свабода».

У той жа час, паводле інфармацыі «Хрысціянскай візіі», двое іншых польскіх святароў, якія служаць у Пінскай дыяцэзіі і тэрмін дзеяння дазволаў якіх заканчваўся, атрымалі новыя дазволы на бліжэйшыя паўгода.

Пуліт стаў трэцім польскім святаром Пінскай дыяцэзіі, якому з пачатку 2026 года не працягнулі дазвол на пастырскую дзейнасць.

Кіраўнікі іншых каталіцкіх дыяцэзіяў публічна не паведамлялі пра выпадкі, калі іх польскім святарам не працягвалі дазволы. Вернікі даведваліся пра гэта толькі з неафіцыйных крыніц.

Рэсурс «Хрысціянская візія» паведаміў, што цягам 2026 года 16 польскім святарам не дазволілі працягваць служэнне ў Беларусі. Паведамлялі, што 11 польскіх каталіцкіх святароў Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі могуць пакінуць Беларусь, бо не атрымалі дазвол ад упаўнаважанага ў справах рэлігіяў і нацыянальнасцяў на працяг рэлігійнай дзейнасці, а «некаторыя атрымалі такі дазвол на мінімальны тэрмін». Аднак улады могуць пераглядаць такія рашэнні.

аз