Беларуская Служба
Дадай у Google

Дадайце нас у абраныя крыніцы ў Google, каб нашы навіны заўсёды былі сярод першых вынікаў вашага пошуку

«Усе ўстановы адукацыі павінны быць агароджаныя»: як з верасня вучні будуць праходзіць у школы

29.08.2026 11:14
З 1 верасня вучні беларускіх школаў і іхныя бацькі могуць трапіць пад выбарачны агляд рэчаў.
Ілюстрацыйны здымакCL-Medien / Shutterstock

Акрамя таго, міліцыя стварае сістэму кантролю доступу ва ўстановы адукацыі. Як яна будзе выглядаць, распавёў начальнік Дэпартамента аховы МУС Аляксандр Шэпелеў.

Усё большы кантроль міліцыі над школамі ў Беларусі тлумачаць мэтамі бяспекі і ацэнкаю пагрозаў.
Са словаў начальніка дэпартамента аховы, за бяспекай цяпер будзе сачыць не проста работнік на прапускным пункце. Ва ўстановах адукацыі будзе арганізаваны цэлы комплекс, «які дазваляе забяспечыць правапарадак як на тэрыторыі, прылеглай да ўстановы адукацыі, так і проста ў будынку».

— Усе ўстановы адукацыі павінны быць агароджаныя, і павінен ажыццяўляцца ўваход праз адзіную брамку. У кожнай установе адукацыі для якаснага агляду асобаў, якія заходзяць, павінны быць створаныя сістэмы кантролю доступу, — кажа прадстаўнік МУС.

Дзеці і педагогі, якія маюць права знаходзіцца ва ўстанове адукацыі, будуць мець электронныя ключы доступу да памяшкання і бесперашкодна праходзіць на тэрыторыю ўстановы адукацыі. Грамадзяне, якія будуць прыходзіць з рознымі мэтамі, павінны будуць прайсці праз пэўны кантрольны рэжым.

Усе запасныя ўваходы ва ўстановы адукацыі, у тым ліку эвакуацыйныя выхады, будуць абсталяваныя электроннымі замкамі з магчымасцю разблакавання ў выпадку задымлення ці пажару, а таксама тэхнічнымі сродкамі міліцыі, якія будуць дазваляць ахоўніку бачыць, што нейкія дзверы былі адчыненыя без дазволу.

Акрамя таго, усталёўваюцца камеры відэаназірання — як на тэрыторыі, прылеглай да ўстановы адукацыі, так і на ўваходах і выхадах з будынку — «для ідэнтыфікацыі асобаў, якія прыходзяць».

Белсат/ав