200-300 палітвязняў разлічвае вызваліць у сярэдзіне верасня спецпрадстаўнік прэзідэнта ЗША Дональда Трампа па Беларусі Джон Коўл. Пра гэта 29 жніўня ён заявіў у інтэрв’ю «Голасу Амерыкі», сайт якога беларускія ўлады ў сакавіку бягучага года прызналі «экстрэмісцкімі матэрыяламі», нагадвае «Позірк».
— Праз пару тыдняў я зноў збіраюся паехаць у Беларусь і спадзяюся дамагчыся вызвалення яшчэ большай колькасці палітвязняў. Думаю, што мне гэта ўдасца, — сказаў Коўл. — Мы дамагліся вызвалення пяцісот [палітвязняў], затым яшчэ каля двухсот было вызвалена. Так што рэальная лічба складае прыкладна 700-800 чалавек. Спадзяюся неўзабаве давесці яе да тысячы, — заявіў спецпрадстаўнік Трампа.
Ён адзначыў, што быў у Мінску «ужо пяць ці шэсць разоў».
— І кожны раз, калі я прыязджаю, мы вядзем перамовы, і людзі выходзяць на волю. Адна з тэм, якую я абмяркоўваў з Лукашэнкам, і ў чым мы з ім пэўна згодныя, — гэта нармалізацыя стасункаў. Мы павінны працаваць у гэтым кірунку. Думаю, за апошні год мы зрабілі важныя крокі да паляпшэння стасункаў з Беларуссю і рухаемся ў правільным кірунку, — адзначыў Коўл.
На яго думку, «амаль усе самыя вядомыя зняволеныя былі вызваленыя».
— Мне таксама ўдалося дамовіцца аб вызваленні многіх удзельнікаў падзей 2020 года, якія змаглі застацца ў Беларусі і вярнуцца дадому. Для мяне гэта было вельмі важна. Людзі вярнуліся дадому, да сваіх сем’яў. Гэта рэальны вынік, і гэтае пытанне па-ранейшаму застаецца часткай нашых перамоваў, — падкрэсліў прадстаўнік амерыканскага прэзідэнта.
Ён паведаміў, што падтрымлівае кантакты з «літоўцамі, палякамі», спрабуе «наладзіць стасункі паміж усімі, хто можа зрабіць унёсак ва ўрэгуляванне сітуацыі».
Апошні раз Коўл быў у Мінску ў сакавіку. Вынікам стала вызваленне 250 палітвязняў, з якіх толькі 15 было выслана за мяжу, як гэта было з усімі астатнімі, каго выпускалі па выніках перамоваў з Вашынгтонам (за выключэннем Мікалая Статкевіча). Узамен ЗША адмянілі некаторыя санкцыі ў дачыненні да Беларусі.
28 красавіка на беларуска-польскай мяжы адбыўся шматбаковы абмен «5 на 5«. Сярод вызваленых быў палітвязень, беларускі журналіст польскага паходжання Анджэй Пачобут.
У той жа дзень на прэс-канферэнцыі ў Варшаве Коўл анансаваў чарговую паездку ў Беларусь «праз два-тры тыдні» і падкрэсліў, што ЗША нацэленыя на вызваленне ўсіх палітвязняў у Беларусі. Візіт дагэтуль не адбыўся.
аз