ЕГУ, «Вольны ўніверсітэт», Беларуская акадэмія і Універсітэт Валовіча – Павел Севярынец у эфіры беластоцкага Радыё Рацыя прапанааваў аб’яднаць гэтыя праекты і стварыць у Польшчы паўнавартасны беларускі ўніверсітэт.
На яго думку, найбольш перспектыўным месцам можа стаць Падляшша – рэгіён з беларускай меншасцю, вялікай колькасцю беларусаў, якія выехалі пасля 2020 года, і магчымасцю падтрымкі з боку польскай дзяржавы.
Севярынец лічыць, што ў Польшчы такая мадэль можа спрацаваць значна лепш, чым цяперашні фармат ЕГУ. Універсітэт, паводле яго задумы, павінен рыхтаваць новую беларускамоўную эліту – гуманітарную, тэхнічную і эканамічную.
Сярод патэнцыйных выкладчыкаў палітык называе вядомых беларускіх інтэлектуалаў, пісьменнікаў і гісторыкаў. На яго думку, такая каманда магла б прыцягнуць у Падляшша беларускую моладзь і стварыць адукацыйны цэнтр, арыентаваны на будучыню Беларусі.
Галоўны аргумент Севярынца – Беларусі патрэбная ўласная сістэма вышэйшай адукацыі на мове, якая фармуе нацыянальную эліту і рыхтуе кадры для будучых пераменаў.
«Без вышэйшай адукацыі нацыя не існуе. Нам патрэбны гэты ўніверсітэт», – падкрэслівае палітык.
яс