Беларуская Служба
Дадай у Google

Дадайце нас у абраныя крыніцы ў Google, каб нашы навіны заўсёды былі сярод першых вынікаў вашага пошуку

Польская авіякампанія LOT патлумачыла залёт свайго самалёта ў Беларусь

02.09.2026 14:13
«Фармаваўся моцны навальнічны фронт». 
   .
Здымак мае ілюстрацыйны характар. Anne Kroiß/pixabay.com/CC0 Public Domain

Пасажырскі самалёт LOT з Вільні ў Варшаву 1 верасня ненадоўга ўвайшоў у паветраную прастору Беларусі з-за ўмоў надвор'я. Аб гэтым MOST паведамілі ў польскай авіякампаніі.

— Падчас рэйса LO772 з Вільні ў Варшаву, які выконваўся 1 верасня, па маршруце палёту — ад Сейнаў, ля польска-літоўскай мяжы, аж да Остраў Мазавецкай — фармаваўся моцны навальнічны фронт. У мэтах бяспекі палёту камандзір паветранага судна па ўзгадненню з дыспетчарскай службай упраўлення паветраным рухам у Вільні, папрасіў скарэктаваць курс і атрымаў на гэта дазвол. Затым самалёт перайшоў пад кіраванне польскай раённай дыспетчарскай службы, — адказалі ў авіякампаніі LOT на запыт MOST.

Там дадалі, што LOT не выконвае рэйсы з выкарыстаннем паветранай прасторы Беларусі, а 1 верасня самалёт апынуўся там толькі на некалькі дзясяткаў секунд у выніку карэкціроўкі курса, звязанай з умовамі надворʼя.

— Гэта быў адзінкавы інцыдэнт, прадыктаваны меркаваннямі бяспекі і які адбыўся па ўзгадненні з дыспетчарскай службай кіравання паветраным рухам, — растлумачылі ў авіякампаніі.

Нагадаем, рэйс LO772 Вільня — Варшава 1 верасня перасёк мяжу Беларусі, праляцеўшы над Гродзенскай вобласцю ў раёне прыгранічнай вёскі Калеты.

У маі 2021 года Еўрапейскае агенцтва авіяцыйнай бяспекі (EASA) рэкамендавала авіякампаніям з краін ЕС пазбягаць палётаў праз Мінскі раён палётнай інфармацыі, FIR Minsk. Такое рашэнне было прынятае пасля прымусовай пасадкі ў Мінску самалёта Ryanair з Раманам Пратасевічам на борце. Аднак правілы дапускаюць такі пралёт, калі выкарыстанне беларускай паветранай прасторы неабходна «для забеспячэння бяспечнай эксплуатацыі паветранага судна пры непрадбачаных абставінах».

MOST/ав