Беларуская Служба
Дадай у Google

Дадайце нас у абраныя крыніцы ў Google, каб нашы навіны заўсёды былі сярод першых вынікаў вашага пошуку

Канцэрты «Euphoria Night» у касцёле ў Брэсце вядуць да ўнутраных падзелаў сярод духавенства і вернікаў

14.09.2026 14:44
Канцэрты ў храме выйшлі з-пад кантролю парафіі і дыяцэзіі. Пацвярджаць гэта можа маўчанне духавенства, у тым ліку епіскапата.
 Euphoria Night
Кансэрт «Euphoria Night» у касцёле Узвышэння Святога Крыжа ў Брэсцекрыніца: katolik.life

Канцэрты «Euphoria Night» у касцёле Узвышэння Святога Крыжа ў Брэсце зноў прайшлі з поўным аншлагам 10-12 верасня. Ужо плануецца наступная серыя паказаў у храме, адзначае Katolik.life.

Арганізатары і частка духавенства падаюць шоў «Euphoria Night» як евангелізацыйнае мерапрыемства.

Тым часам ардынарый Пінскай дыяцэзіі, біскуп Антоні Дзямянка пасля серыі жнівеньскіх выступаў «Euphoria Night» заяўляў, што больш у касцёле такіх канцэртаў не будзе. Аднак яны прайшлі ў верасні і плануюцца чарговыя.

Вернікі мяркуюць, што на біскупа быў здзейснены ціск з боку мясцовых уладаў, якім падабаецца папулярнасць канцэртаў і тое, што незвычайныя выступленні прыцягваюць у горад турыстаў.

Мяркуецца таксама, што да лабіравання «Euphoria Night» могуць мець дачыненне праўладныя бізнесмены, якія называюць сябе мецэнатамі і абараняюць свае камерцыйныя інтарэсы.

З духавенства правядзенне канцэртаў «Euphoria Night» у касцёле падтрымлівае вядомы мінскі святар, асабісты відэа-праект якога могуць спансіраваць тыя ж бізнесмены.

Такім чынам, гэтая зʼява ўжо выйшла з-пад кантролю парафіі і дыяцэзіі. Пацвярджаць гэта можа і маўчанне духавенства, у тым ліку епіскапата. Кіраўніцтва дыяцэзіі ведае пра замяшанне і абурэнне як свецкіх вернікаў, так і святароў з-за «Euphoria Night», але ніяк не тлумачыць сітуацыі, што працягвае весці да падзелу ўнутры рыма-каталіцкага Касцёла ў Беларусі.

яс