Якая ўмова? Каментуючы сустрэчу кіраўніка польскага МЗС Радаслава Сікорскага са сваім беларускім калегам Максімам Рыжанковым, у эфіры Slawa TV распавёў пра гэта намеснік міністра замежных справаў Польшчы Марцін Басацкі.
Чыноўнік падкрэслівае, што ўжо на працягу некалькіх месяцаў бачна, як у жэстах і дзеяннях Беларусі ў дачыненні да Польшчы і іншых суседніх краінаў змяншаецца агрэсіўнасць. Сярод такіх жэстаў — вызваленне палітвязняў, агульнай колькасцю каля 800 чалавек па стане на 23 верасня.
— Канешне, надалей некалькі сотняў палітвязняў знаходзяцца ў турмах Лукашэнкі. Мы пра гэта не забываемся, аднак каля 800 чалавек былі вызваленыя. І таксама адбылося вельмі значнае змяншэнне гібрыднага ціску на Польшчу і Еўропу на беларуска-польскай мяжы. Тут у гэтым годзе сапраўдны пералом, — кажа Басацкі.
Намеснік міністра падкрэслівае, што атакі мігрантаў калі не спыніліся цалкам, але знаходзяцца на ўзроўні некалькіх адсоткаў ад узроўню папярэдніх чатырох-пяці гадоў. Эфект гэтага — пачатак дыялогу, «сімвал якога мы бачым сёння ў Нью-Ёрку».
— Гэта пералом ці толькі аднаразовы жэст? Я гэтага не выключаю. Мы, відавочна, хацелі б мець добрыя стасункі з усімі суседзямі, але каб так было, гэтыя суседзі не павінны быць агрэсіўнымі. Думаю, гэта і ёсць адказ на пытанне, якія польскія ўмовы сумленнага дыялогу з Беларуссю: каб з таго боку — пры належнай ацэнцы тых жэстаў і дзеянняў, якія беларускі бок зрабіў за апошнія дзесяць з лішнім месяцаў, — адбылося поўнае спыненне агрэсіўных жэстаў з боку Беларусі, — зазначае прадстаўнік МЗС.
Міністр замежных справаў Польшчы Радаслаў Сікорскі сустрэўся з кіраўніком МЗС Беларусі Максімам Рыжанковым падчас 81-й сесіі Генеральнай Асамблеі ААН у Нью-Ёрку.
Белсат/ав