Праваабарончы цэнтр «Вясна» зафіксаваў шматлікія выпадкі пераследу былых палітвязняў у Беларусі і за яе межамі. Паводле арганізацыі, вызваленне не азначае спынення рэпрэсій. На 29 верасня ў беларускіх турмах застаюцца 879 палітычных зняволеных. З 2020 года амаль чатыры тысячы чалавек атрымалі статус былых палітвязняў. Каля 900 чалавек былі памілаваныя, з іх 234 выдварылі з краіны.
Былыя палітвязні, якія застаюцца ў Беларусі, сутыкаюцца з рэгулярнымі выклікамі ў міліцыю, прафілактычным наглядам і абмежаваннямі ў працаўладкаванні. Некаторых прымушаюць адзначацца ў міліцыі, пагражаюць арыштамі і штрафамі. Акрамя таго, людзей са статусам «тэрарыста» пазбаўляюць магчымасці адкрываць банкаўскія рахункі і рэгістраваць мабільныя нумары. Праваабаронцы таксама фіксуюць спробы КДБ завербаваць былых зняволеных.
Пераслед працягваецца і пасля выезду за мяжу. Беларускія ўлады анулююць пашпарты выдвараных палітвязняў, заводзяць супраць іх новыя крымінальныя справы і абвяшчаюць у вышук. Сярод тых, хто сутыкнуўся з такім пераследам, — Алесь Бяляцкі, Павел Севярынец і Уладзь Лабковіч. У некаторых выпадках улады арыштоўваюць нерухомасць былых палітвязняў, а іх сваякоў у Беларусі наведвае міліцыя.
Юрыстка «Вясны» Святлана Галаўнёва адзначае, што ўзровень рэпрэсій у краіне не зніжаецца. Паводле яе, улады не забяспечваюць былым палітвязням рэабілітацыі і кампенсацыі шкоды, а ціск і рызыка паўторнага затрымання захоўваюцца нават пасля вызвалення.
нг