Беларуская Служба
Дадай у Google

Дадайце нас у абраныя крыніцы ў Google, каб нашы навіны заўсёды былі сярод першых вынікаў вашага пошуку

Інтэрнэт-рэсурс Альянсу «Зялёная Беларусь» другі раз дадалі ў спіс «экстрэмісцкіх матэрыялаў»

30.09.2026 12:15
Рашэнне аб прызнанні інфармацыйнай прадукцыі «экстрэмісцкай» прыняў 23 верасня суд Ленінскага раёна Магілёва.
  .
Альянс «Зялёная Беларусь». Ілюстрацыйнае фотаspring96.org

Міністэрства інфармацыі Беларусі зноў папоўніла Рэспубліканскі спіс «экстрэмісцкіх матэрыялаў». У яго, дарэчы ўжо другі раз за апошнія месяцы, трапілі сайт Альянсу «Зялёная Беларусь», паведамляе «Вясна».

Альянс «Зялёная Беларусь» – беларуская экспертная пляцоўка, якая аб'ядноўвае арганізацыі, ініцыятывы, экспертаў і экспертак, акадэмічныя і лакальныя супольнасці ў сферы экалогіі. Альянс называе сябе супольнасцю, якая працуе над экалагічнай будучыняй Беларусі.

Сярод асноўных тэм рэсурсу – экалогія, энергетычная і эканамічная незалежнасць, устойлівае развіццё, зялёны пераход і экалагічная палітыка. Альянс таксама распрацоўвае бачанне Беларусі да 2050 года і публікуе экспертныя матэрыялы пра энергетыку, гарадскую інфраструктуру і ўстойлівасць эканамічных сістэм.

Рашэнне аб прызнанні інфармацыйнай прадукцыі «экстрэмісцкай« прыняў 23 верасня суд Ленінскага раёна Магілёва. Пра чарговае папаўненне спісу паведаміла Міністэрства інфармацыі.

18 жніўня 2026 года суд Ленінскага раёна Магілёва ўжо прызнаваў «экстрэмісцкай інфармацыйнай прадукцыяй» сайт belarusgreen.vision і звязаныя з альянсам старонкі ў You Tube, Telegram, Threads, Instagram і TikTok.

Нагадваем, за распаўсюд матэрыялаў з Рэспубліканскага спісу «экстрэмісцкіх матэрыялаў» у Беларусі прадугледжаная адміністрацыйная адказнасць паводле ч. 2 арт. 19.11 КаАП (Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб адміністрацыйных правапарушэннях) – штраф ад 10 да 30 базавых велічыняў, грамадскія працы або адміністрацыйны арышт.

Праваабаронцы таксама фіксавалі прыцягненне да адказнасці за лайкі, рэпосты і перасыланне такіх матэрыялаў.

аз