Беларуская Служба
Дадай у Google

Дадайце нас у абраныя крыніцы ў Google, каб нашы навіны заўсёды былі сярод першых вынікаў вашага пошуку

Стаў вядомы прысуд Анатолю Вайцяхоўскаму, які вярнуўся з Польшчы і зняўся ў фільме БТ

03.10.2026 15:42
Прадпрымальніка з Баранавічаў Анатоля Вайцяхоўскага, які вярнуўся з Польшчы ў Беларусь яшчэ ў пачатку 2026-га, засудзілі да чатырох гадоў «хатняй хіміі».
Анатоль ВайцяхоўскіФота: скрыншот з відэа «Беларусь 1»

Акрамя таго, мужчыну выкраслілі са спісу тэрарыстаў, у які той быў надоечы ўнесены. Пра гэта паведамілі ў эфіры дзяржаўнага тэлеканалу «Першы інфармацыйны».

Вайцяхоўскага судзілі паводле ч. 3 арт. 361 Крымінальнага кодэксу Беларусі («Заклікі да мераў абмежавальнага характару (санкцыяў) і іншых дзеянняў, скіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы Беларусі»), ч. 2 арт. 367 КК («Паклёп на прэзідэнта»), ч. 2 арт. 368 КК («Абраза прэзідэнта»), ч. 1 арт. 361-4 КК («Спрыянне экстрэмісцкай дзейнасці»).

Пра суд стала вядома яшчэ ў сярэдзіне ліпеня, аднак тады не было дэталяў пра прысуд. Тады ж беларуса ўнеслі ў спіс асобаў датычных да тэрарыстычнай дзейнасці, які вядзе КДБ.

Анатоль Вайцяхоўскі — адзін з заснавальнікаў баранавіцкіх газетаў «Шаг» і «Местная газета Шаг» у 1990–2000-х, прадпрымальнік. У 2023-м з Беларусі мужчыну вывозіў BYSOL. Анатоля затрымаў ГУБАЗіК, абвінавачвалі ў крытычных каментарах наконт вайны Расіі супраць Украіны і ўдзеле ў пратэстах.

У Польшчы мужчына жыў у Беластоку ў адной кватэры з актывістам і блогерам з Бабруйску Уладзімірам Усерам.

У лістападзе 2025-га з’явілася навіна, што польскія спецслужбы вінавацяць Усера ў шпіянажы. Мужчыну затрымалі і завялі супраць яго крымінальную справу, аднак пад варту не ўзялі праз стан здароўя — на той момант бабруйчанін ужо быў моцна хворы: меў цукровы дыябет, на нагах — трафічныя язвы. Вайцяхоўскі тады апавядаў, што Уладзімір ледзь хадзіў, мог упасці.

6 снежня 2025 года Усер памёр, а Вайцяхоўскі знік і з’явіўся пазней у фільме «Беларусь 1» «Уцёкі дамоў», у якім апавёў, што Усер нібыта пісаў зварот у камісію для вяртання. Знаёмыя памерлага падазравалі, што ўсе ягоныя дакументы, якія заставаліся ў пакоі, забраў і вывез у Беларусь менавіта Вайцяхоўскі.

Белсат/ав