З 2025 года больш за тысячу грамадзян Украіны вярнуліся з акупаваных Расіяй тэрыторый праз беларускую мяжу. Для эвакуацыі выкарыстоўваюць гуманітарны калідор «Даманава — Макраны» паміж Валынскай вобласцю Украіны і Брэсцкай вобласцю Беларусі, паведамляе ўпаўнаважаны Вярхоўнай Рады Украіны па правах чалавека Дмытро Лубінец.
Паводле Лубінца, канал вяртання ўдалося адкрыць пасля перамоў з расійскім бокам. Цяпер украінцы штодня перасякаюць мяжу праз гэты пункт пропуску.
Асаблівую ўвагу надаюць эвакуацыі людзей з інваліднасцю, абмежаванай рухомасцю і цяжкімі захворваннямі. У гэтым дапамагае Міжнародны камітэт Чырвонага Крыжа, які забяспечвае машыны хуткай дапамогі для перавозкі людзей праз акупаваныя тэрыторыі, Расію і Беларусь.
Беларускі маршрут выкарыстоўваюць не толькі для вяртання грамадзянскіх асоб. Праз Беларусь таксама праходзяць абмены ваеннапалоннымі і перадача целаў загінулых вайскоўцаў. Гэты шлях застаецца важным гуманітарным каналам паміж Украінай і акупаванымі тэрыторыямі ва ўмовах вайны.
эж