У выніку маніторынгу сацыяльных сетак устаноўлена пяць жыхароў розных рэгіёнаў Беларусі ва ўзросце ад 36 да 66 гадоў, якія пакідалі «негатыўныя каментары ў адрас вышэйшых службовых асоб дзяржавы і супрацоўнікаў сталічнай міліцыі», паведамляе «Позірк» са спасылкай на Міністэрства ўнутраных спраў.
Затрыманыя заявілі на камеру, што прызнаюць віну і выбачаюцца, некаторыя патлумачылі свае паводзіны ужываннем алкаголю.
— Супрацоўнікі галоўнага ўпраўлення ўласнай бяспекі МУС на пастаяннай аснове праводзяць работу па ўсталяванні інтэрнэт-карыстальнікаў, якія публікуюць у сетцы пагрозы і абразы ў адрас міліцыянтаў, заклікаюць да супрацьпраўных дзеянняў, прычынення фізічнай або маёмаснай шкоды, — паведаміў прадстаўнік упраўлення па Мінску Раман Прыгодзіч.
Паводле яго слоў, у дачыненні да затрыманых пасля праверак будуць распачатыя крымінальныя справы, «санкцыі артыкулаў Крымінальнага кодэкса прадугледжваюць пакаранне аж да 4 гадоў пазбаўлення волі». Паводле якіх менавіта артыкулаў могуць быць заведзеныя справы, Прыгодзіч не паведаміў.
Прадстаўнік ГУУБ МУС нагадаў «усім карыстальнікам сацыяльных сетак, у тым ліку платформы «Трэдс», аб неабходнасці выконваць правілы лічбавага этыкету і патрабаванні заканадаўства, якія распаўсюджваюцца і на віртуальную прастору».
Аўтарам любых абразлівых каментароў на адрас міліцыі, заявіў прадстаўнік ведамства, «будзе дадзеная прынцыповая прававая ацэнка», яны будуць прыцягнутыя да адміністрацыйнай або крымінальнай адказнасці.
У ліпені Следчы камітэт паведаміў, што ўзмацняе кантроль за кантэнтам у «Трэдс« і «ЦікТоку» з-за росту ў гэтых сацсетках колькасці «выпадкаў распаўсюджвання дэструктыўнай інфармацыі».
аз