Пасля вызвалення некаторыя людзі, асуджаныя па «палітычных» артыкулах, працягваюць сутыкацца з сурʼёзнымі цяжкасцямі. Адна з іх – ануляванне пашпарта. Раней паведамлялася, што такія праблемы ўзнікаюць у экс-палітвязняў, якіх вывезлі з краіны. Аказалася, ёсць яны і ў тых, каму дазволілі застацца. Адзін з былых вязняў распавёў праваабаронцам аб праблемах з дакументамі і іншых цяжкасцях, якія чакалі яго на свабодзе ў Беларусі. У мэтах бяспекі імя суразмоўцы зменена.
Пасля памілавання былому палітвязню Антону дазволілі застацца ў Беларусі. На волі мужчына сутыкнуўся з абмежаваннямі, якія закранулі амаль усе сферы яго жыцця. Праз некалькі дзён пасля вызвалення ён даведаўся, што яго пашпарт ануляваны. Выдаваць новы дакумент у АГіМ адмовіліся.
— Мяне адразу папярэдзілі, што судзімасць з мяне не знялі, бо гэта не прадугледжана ўказам прэзідэнта (так чыноўнікі назвалі Аляксандра Лукашэнку. – Заўв. рэд.), – распавядае мужчына. – На маім пасведчанні толькі напісана аб вызваленні з магчымасцю застацца ў Рэспубліцы Беларусь. То бок, яны нібыта дазваляюць мне жыць у Беларусі.
На волі мужчыну паставілі на прафілактычны ўлік. Яму забаранілі наведваць масавыя мерапрыемствы, уключаючы гарадскія святы, і збірацца кампаніямі, дзе больш за два чалавекі.
— Самі інспектары ўвесь час пагражалі адміністрацыйным пераследам, – адзначае Антон. – Казалі, што на святы будуць «закрываць» у ІЧУ.
Самая вялікая праблема, якая закранула мужчыну, – гэта працаўладкаванне. Сілавікі патрабавалі ад яго знайсці працу на працягу 14 дзён. Вось толькі з-за судзімасці браць такога спецыяліста ніхто не хацеў. Ускладняла сітуацыю і тое, што экс-палітвязень знаходзіцца ў спісах «экстрэмістаў» і «тэрарыстаў». Па словах Антона, міліцыянты пагражалі: калі ён сам не зможа знайсці месца, яго накіруюць працаваць прымусова. Магчыма, нават на палігон для смецця.
Крыніца: «Зеркало»/юл