Мінскі завод колавых цягачоў (МЗКЦ) удзельнічае ў вытворчай кааперацыі з расійскімі абароннымі прадпрыемствамі, якія выпускаюць зенітныя ракетна-гарматныя комплексы «Панцыр». Дакументы, атрыманыя аб'яднаннем былых беларускіх сілавікоў BELPOL, сведчаць, што беларускія шасі прайшлі выпрабаванні і былі афіцыйна ўключаныя ў канструктарскую дакументацыю расійскай баявой тэхнікі.
На выкарыстанне беларускіх шасі МЗКЦ-7930-312 у расійскіх комплексах «Панцыр» нядаўна звярнуў увагу ваенны аглядальнік Аляксандр Каваленка. Апублікаваныя BELPOL матэрыялы дазваляюць падрабязней прасачыць, як адбывалася супрацоўніцтва беларускіх і расійскіх прадпрыемстваў.
У праекце ўдзельнічалі расійскае Канструктарскае бюро прыборабудавання імя акадэміка Шыпунова, Мінскі завод колавых цягачоў, а таксама структуры Міністэрства абароны Расіі.
Паводле дакументаў, падрыхтоўка да выкарыстання беларускай платформы пачалася не пазней за ліпень 2023 года. На працягу наступнага года расійскія распрацоўшчыкі ўносілі змены ў канструкцыю баявой машыны і яе праграмнае забеспячэнне.
У чэрвені 2024 года баявая машына на беларускім шасі прайшла серыю выпрабаванняў. Правяраліся яе ўстойлівасць, здольнасць пераадольваць пад'ёмы, праца пры высокіх і нізкіх тэмпературах, а таксама магчымасць весці гарматны і ракетны агонь з месца і падчас руху. Праграма ўключала і выпрабавальны прабег на 2500 кіламетраў.
У выніковым акце выпрабаванні былі прызнаныя паспяховымі.
Пры гэтым асобныя тэхнічныя рашэнні, нягледзячы на праведзеныя дапрацоўкі, не былі рэкамендаваныя да выкарыстання.
30 ліпеня 2024 года прадстаўнікі расійскага ваеннага заказчыка і канструктарскага бюро зацвердзілі змены ў дакументацыі комплексу «Панцыр». Такім чынам, выкарыстанне беларускага шасі было афіцыйна замацаванае ў канструкцыі баявой машыны.
У жніўні расійскае прадпрыемства накіравала кіраўніцтву МЗКЦ дакументы, якія пацвярджалі паспяховае завяршэнне выпрабаванняў і зацвярджэнне адпаведных змяненняў.
Апублікаваныя BELPOL матэрыялы сведчаць, што ўдзел беларускага прадпрыемства ў расійскай ваеннай вытворчасці не абмяжоўваўся пастаўкамі гатовых шасі. Гаворка ідзе пра ўзгодненую працу над адаптацыяй беларускай платформы да патрабаванняў расійскага ўзбраення.
Зенітныя ракетна-гарматныя комплексы «Панцыр» выкарыстоўваюцца расійскай арміяй, у тым ліку падчас вайны супраць Украіны. Дакументы, на якія спасылаецца BELPOL, паказваюць, якім чынам беларуская прамысловасць уключаная ў вытворчыя праграмы расійскага ваенна-прамысловага комплексу.
яс