Беларуская Служба
Дадай у Google

Дадайце нас у абраныя крыніцы ў Google, каб нашы навіны заўсёды былі сярод першых вынікаў вашага пошуку

Хроніка пераследу: абвясцілі ў вышук палітолага Андрэя Ягорава, былога спікера Каардынацыйнай рады

19.11.2026 17:02
Андрэй Ягораў шмат гадоў займаўся развіццём грамадзянскай супольнасці і дэмакратычных пераўтварэнняў у Беларусі.
 .
Андрэй Ягораў.Фота: newideas.center

У Беларусі абвясцілі ў вышук беларускага палітолага і грамадскага дзеяча Андрэя Ягорава — паведамляе «Свабода» са спасылкай на сайт «Віцебская Вясна».

Паводле звестак з базы вышуку, ініцыятарам стала Віцебскае ўпраўленне ўнутраных спраў. Пры гэтым Ягораў нарадзіўся ў Гродне, вырас у Мікашэвічах Брэсцкай вобласці і не мае сувязяў з Віцебшчынай. Звестак пра тое, у межах якой справы і паводле якога артыкула яго шукаюць, няма.

Андрэй Ягораў шмат гадоў займаўся развіццём грамадзянскай супольнасці і дэмакратычных пераўтварэнняў у Беларусі. Ён узначальваў незалежны аналітычны Цэнтр еўрапейскай трансфармацыі і кансорцыум «ЕўраБеларусь».

Пасля прэзідэнцкіх выбараў 2020 года далучыўся да Каардынацыйнай рады, быў затрыманы і адбыў адміністрацыйны арышт. Пазней праз пагрозу крымінальнага пераследу выехаў з Беларусі. У эміграцыі працягнуў грамадска-палітычную дзейнасць і стаў спікерам Каардынацыйнай рады.

Жыхара Гарадка асудзілі за «распальванне варожасці» і «абразу Лукашэнкі»

48-гадовага Ігара Панкова з Гарадка Віцебскай вобласці асудзілі на паўтара года калоніі агульнага рэжыму. Пра гэта паведаміла «Наша Ніва».

Яго абвінавацілі паводле двух артыкулаў Крымінальнага кодэкса — у распальванні іншай сацыяльнай варожасці і абразе Лукашэнкі.

Панкова затрымалі не пазней за май 2026 года. Ён знаходзіўся ў СІЗА № 1 у Калядзічах пад Мінскам. Прысуд вынеслі ў жніўні, а ў кастрычніку ён набыў законную сілу.

Пазней КДБ уключыў Ігара Панкова ў спіс асоб, датычных да тэрарыстычнай дзейнасці. Праваабаронцы «Вясны» прызналі яго палітвязнем.

нг