Супраць стварэння ў Расіі вытворчасцяў, якія дублююць тыя, што ўжо існуюць у Беларусі, выступіў Аляксандр Лукашэнка 23 лістапада ў Мінску на сустрэчы з губернатарам Омскай вобласці РФ Віталем Хацэнкам, паведамляе «Позірк» са спасылкай на прэс-службу беларускага дыктатара.
Для прыкладу Лукашэнка згадаў пра планы стварыць у Расіі прадпрыемства па выпуску шын, у тым ліку звышбуйнагабарытных, якія ўжо вырабляюцца ў Беларусі.
На яго думку, стварэнне вытворчасцяў, якія дублююць наяўныя прадпраемствы і ствараюць канкурэнцыю, непрымальнае для Саюзнай дзяржавы.
— Калі Беларусь можа забяспечыць патрэбы рынку Расіі па нейкіх кірунках, трэба гэта выкарыстоўваць. Калі мы можам выкарыстоўваць расійскі тавар у дастатковай колькасці, не трэба ствараць вытворчасць, [якая дублюе]. І закупляць не трэба, — заявіў ён.
Лукашэнка таксама адзначыў, што Беларусь займае трэцяе месца сярод гандлёвых партнёраў Омскай вобласці пасля Кітая і Казахстана, аднак наяўныя аб’ёмы тавараабароту, на яго думку, не адлюстроўваюць патэнцыял супрацы.
Кажучы пра захаванне і развіццё прамысловасці, палітык спаслаўся на словы старшыні КНР Сі Цзіньпіна:
— Наш поспех заключаецца ў тым, што мы папярэдні досвед не руйнавалі, не знішчалі, мы яго ўдасканальвалі і рухаліся наперад.
Паводле сцвярджэння Лукашэнкі, такі падыход «у значнай ступені адпавядае беларускаму курсу развіцця».
аз