Малдова да канца студзеня 2027 года плануе распрацаваць дарожную карту для далучэння да сектаральных санкцый Еўрасаюза супраць Беларусі і Расіі. Пра гэта 24 лістапада паведаміла Міністэрства замежных спраў Малдовы.
Рашэнне прыняла Міжведамасная назіральная рада на чале з прэм’ер-міністрам Васіле Тофанам. Дзяржаўныя органы павінны падрыхтаваць заканадаўчую базу і механізмы для рэалізацыі санкцый, а таксама ацаніць іх магчымыя эканамічныя і сацыяльныя наступствы.
План прадугледжвае вызначэнне ўразлівасці Малдовы, мер для змякчэння наступстваў абмежаванняў, кансультацыі з прадстаўнікамі закранутых сектараў эканомікі і распрацоўку рэкамендацый для бізнесу.
Далучэнне да санкцый ЕС — частка абавязацельстваў Малдовы ў рамках перамоваў аб уступленні ў Еўрасаюз.
reform.news/эж